Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымчаніна, які зьбіраўся падарваць помнік Леніну, пакаралі 7 гадамі турмы


Аляксей Чырны

Аляксей Чырны

Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне вынес прысуд у справе крымскага гісторыка Аляксея Чырнага, які абвінавачваўся ў падрыхтоўцы і зьдзяйсьненьні актаў тэрарыстычнай накіраванасьці ў Сымфэропалі ў красавіку-траўні 2014 году.

Чырнаму ставілася ў віну тое, што ён сумесна зь іншымі асобамі ажыцьцявіў падпал Сымфэропальскай штаб-кватэры грамадзкай арганізацыі «Руская абшчына Крыму» і мясцовага гарадзкога аддзелу партыі «Адзіная Расія», а таксама плянаваў падарваць пры дапамозе самаробнага выбуховага прыстасаваньня помнік Леніну ў сталіцы Крымскай аўтаноміі.

На сьледзтве Аляксей Чырны прызнаў віну і падпісаў дасудовае пагадненьне аб супрацы, таму яго справа слухалася ў адмысловым парадку.

У ходзе судовага паседжаньня адзін з адвакатаў падсуднага, Ільля Новікаў, заявіў, што ў справе ёсьць відавочныя прыкметы самаабгавору Аляксея Чырнага, і запатрабаваў вярнуць справу ў пракуратуру.

– Я мяркую, што пагадненьне, якое Чырны падпісаў са сьледзтвам, было нядобраахвотным. У адносінах да Чырнага ўжываўся ціск, яго пасьля арышту першапачаткова зьбівалі, а потым пераканалі, што, падпісаўшы пагадненьне, абгаварыўшы сябе і таварышаў, якія праходзяць з ім па адной справе – Сянцова, Кольчанку і іншых – і прызнаўшы, што яны займаліся тэрарыстычнай дзейнасьцю, словам, пайшоўшы на такую зьдзелку, ён атрымае менш суворае пакараньне – сказаў Ільля Новікаў.

Адвакат дадаў, што лічыць няправільнай кваліфікацыю следзтвам дзеяньняў Чырнага і яго таварышаў, як «тэрарыстычных».

Суд асудзіў Аляксея Чырнага да сямі гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

Аляксей Чырны быў затрыманы ФСБ у анэксаваным Расеяй Крыме ў траўні 2014 года разам з украінскім рэжысэрам Алегам Сянцовым і актывістамі Аляксандрам Кольчанкам і Генадзем Афанасьевым. Як сьцьвярджаюць расейскія спэцслужбы, затрыманыя ўваходзілі ў тэрарыстычную групу «Правага сэктару» (арганізацыі, забароненай у Расеі). Афанасьеў даў прызнальныя паказаньні і заключыў зьдзелку са сьледзтвам. Алег Сянцоў сьцьвярджае, што гэтыя паказаньні былі дадзеныя пад катаваньнямі і зьяўляюцца хлусьлівымі. Сянцоў і Кольчанка знаходзяцца ў маскоўскім сьледчым ізалятары «Ляфортава», дзе чакаюць суду.

Справа крымчаніна Аляксея Чырнага нагадвае справу беларуса Кірыла Сілівончыка, асуджанага ў Расеі да двух гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці». Абодва падсудныя, як паведамляецца, прызналі сваю віну ў спадзяваньні атрымаць мякчэйшы прысуд, і справы абодвух разглядаліся ў «адмысловым парадку».​

XS
SM
MD
LG