Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскія мастакі ў Менску паказалі волю праз колеры


©Shutterstock

©Shutterstock

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь увечары 22 красавіка парадавала прыхільнікаў мастацтва новымі імпрэзамі. У Доме сяброўства ў Менску адкрылі выставу віленскіх мастакоў «Колеры волі». Таксама адбыўся канцэрт біг-бэнду Добраахвотных сіл абароны краю Літвы.

Выстава «Колеры волі» прысьвячаецца 25-м угодкам з дня заснаваньня Руху Адраджэньня Літвы. Мастацтвазнаўцы патлумачылі: творцы перадаюць паняцьце волі і яе колеры як мага больш разнастайна і, пазьбягаючы дэкляратыўных рашэньняў, прадстаўляюць свае творчае бачаньне волі.

Сярод удзельнікаў выставы віленскія мастакі Кунігунда Дзенікайтэ, Рамуальдас Радзевічус і Саўлюс Круопіс

З даўніх часоў з колерамі зьвязваюцца шматгранныя сымбалічныя значэньні. Колеры пазначаюць і ўвасабляюць чалавечыя якасьці, герархічную залежнасьць, паняцьці дабра і зла, пачатку і канца і г.д. Розныя нацыі па-свойму інтэрпрэтавалі значэньні колераў, асабліва гэтыя адрозьненьні заўважныя паміж Эўропай і Азіяй. Напрыклад, белы колер — колер жалобы ў Азіі, у той час як у Эўропе ён трактуецца як колер пачатку, чысьціні, сувязі і таму ўжываецца ў абрадах вянчаньня, народзінаў, ініцыяцыі.

Чырвоны колер — колер крыві, полымя, любові да жыцьця, цяпла, жарсьці, вайны, барацьбы. У спэктры колераў волі можна знайсьці і сіні — колер неба, далечыні, празрыстасьці, чысьціні, боскасьці, праўды, вернасьці. Колерам волі можа быць і зялёны — колер вясны, жыцьця, сьвежасьці, чагосьці паміж чырваньню пякельнага полымя і сіньню неба.

Бігбэнд Добраахвотных сіл абароны краю Літвы

Бігбэнд Добраахвотных сіл абароны краю Літвы

Бігбэнд Добраахвотных сіл абароны краю Літвы — гэта першы ў сучаснай Літве вайсковы калектыў духавых інструмэнтаў, створаны яшчэ 29 красавіка 1991 году. У бігбэндзе, якім кіруе капітан Рычардас Чупковас, граюць амаль тры дзясяткі прафэсійных музыкаў, большасьць зь якіх — дыпляманты Літоўскай акадэміі музыкі і тэатру і Віленскай кансэрваторыі. Бігбэнд прамаўляе на зразумелай для ўсіх міжнароднай мове музыкі, захоўваючы культурныя каштоўнасьці і рэпрэзэнтуючы армію Літвы.

XS
SM
MD
LG