Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец — найлепшы ў жанры non-fiction


У Беларусі ўпершыню ўручылі прэмію ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction). Першае месца атрымаў аўтар Радыё Свабода Сяргей Дубавец за кнігу «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду».

Другое месца было пасьмяротна прысуджанае Генадзю Кісялёву за кнігу «Смак беларушчыны». Трэцяе месца — у Андрэя Федарэнкі за кнігу «Сечка».

На конкурс было заяўлена каля 50 кніг. Апроч ляўрэатаў, у шорт-ліст увайшлі

Барыч Крэпак з кнігай «Вяртаньне імёнаў: нарысы пра мастакоў»,

Сяргей Навумчык з кнігай «Дзевяноста першы. Год незалежнасьці вачыма ўдзельніка»,

Уладзімер Някляеў з кнігай «Знакі прыпынку» і

Сяргей Шапран з кнігай «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо сам-насам з Барадуліным».

Сяргей Дубавец, які быў адзначаны журы як найлепшы ў галіне непрыдуманай літаратуры, падзякаваў журы за высокую ацэнку і сказаў, што, нягледзячы на жанар, які прадугледжвае дакумэнтальную дакладнасьць, аўтар, працуючы ў галіне непрыдуманай літаратуры, застаецца творцам:

«Ёсьць fiction, ёсьць non-fiction. Але паўсюль ёсьць асоба аўтара і элемэнты вобразнага пісьма. Магчыма, сярод пісьменьнікаў non-foction — людзі-паэты і гэты імпульс дае ім магчымасьць пісаць з аднаго боку дакладна, а зь іншага — з выкарыстаьнем вобразных элемэнтаў».

Партнэрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэньні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“», выдавецтва «Лімарыус».

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская адзначыла, што ўручэньне Прэміі Стагановічаў — знакавая для Беларусі падзея:

Ніна Шыдлоўская

Ніна Шыдлоўская

«Такая прэмія ўручаецца ўпершыню. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі існуе шмат літаратурных прэмій, яны скіраваныя ў асноўным на мастацкую літаратуру. Такім чынам цэлы пляст літаратуры, дакумэнтальнай прозы застаецца па-за ўвагай журы літаратурных конкурсаў. А такіх кніг вельмі шмат, трэба, каб людзі іх ведалі. Тым больш, што яны скіраваныя на тое, каб паяднаць беларусаў, якія жывуць у Беларусі, і тых, што па-за яе межамі. Бо ініцыятыва заснаваньня гэтай прэміі зыходзіць ад беларусаў замежжа — дачкі пасла Аляксандра Стагановіча».

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч выказаў шкадаваньне, што да апошняга часу літаратура non-fiction у Беларусі недаацэньвалася, і пісьменьнікі, якія працуюць у гэтым жанры, з складанасьцю маглі ўвайсьці ў літаратурныя аб’яднаньні:

Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

«Слова non-fiction зараз моднае, хаця і новае для беларусаў. Але такая літаратура, у адрозьеньне ад слова, зьявілася вельмі даўно, магчыма, нават раней за мастацкую літаратуру. Але трэба абавязкова адзначаць пісьменьнікаў, які працуюць у жанры непрыдуманай літаратуры, тым больш, што ўжо напісаныя дзясяткі такіх кніг».

У журы конкурсу ўваходзяць:

  • старшыня сэкцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, сябра Управы ЗБС «Бацькаўшчына», галоўны рэдактар альманаха «Запісы БІНіМ», кандыдат гістарычных навук Натальля Гардзіенка;
  • сябра ўправы ЗБС «Бацькаўшчына», загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданьняў прэзыдэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў;
  • сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кандыдат філялягічных навук Віктар Жыбуль;
  • дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;
  • літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, старшы навуковы супрацоўнік цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, кандыдат філялягічных навук Ганна Кісьліцына;
  • літаратуразнаўца, сябра беларускага ПЭН-цэнтру, супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Маладосьць» Ціхан Чарнякевіч;
  • дырэктар выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко.

Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры была заснаваная з ініцыятывы Тамары Стагановіч-Кольбы, дачкі беларускіх эмігрантаў Марыі Стагановіч (1898-1995) і Аляксандра Стагановіча (1890-1988), якая пажадала ўшанаваць памяць пра бацькоў і падтрымаць непрыдуманую беларускую літаратуру. Успаміны Аляксандра і Марыі Стагановічаў выйшлі нядаўна асобнымі кніжкамі ў Беларусі.

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры наступных жанраў: мэмуары, успаміны, дзёньнікі, эпісталярная спадчына, біяграфіі, травэлогі (падарожныя нататкі), дакумэнтальная проза.

На першую Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў вылучаліся кнігі, апублікаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў 2011-2014 гг.

XS
SM
MD
LG