Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль абвінаваціў «Газпром» у злоўжываньні манапольным становішчам


Маргрэтэ Вэстагер
Маргрэтэ Вэстагер

Эўракамісія сёньня выставіла расейскай кампаніі «Газпром» афіцыйныя абвінавачаньні ў парушэньні антыманапольнага заканадаўства.

Пра гэта ў Брусэлі абвясьціла камісар Эўракамісіі ў пытаньнях канкурэнцыі Маргрэтэ Вэстагер.

Паводле яе, «Газпром» злоўжывае сваім манапольным становішчам у васьмі краінах ЭЗ — Эстоніі, Вугоршчыне, Баўгарыі, Чэхіі, Латвіі, Літве, Польшчы і Славаччыне. Прэтэнзіі таксама датычаць устаноўленых «Газпромам» цэнаў на газ.

«Мы прыйшлі да высновы, што расейская кампанія магла ствараць штучныя перашкоды для вольнага газавага патоку празь некаторыя цэнтральнаэўрапейскія і ўсходнеэўрапейскія краіны, парушыўшы тым самым правілы свабоднай канкурэнцыі», — сказала эўракамісар Вэстагер.

Паводле Вэстагер, «Газпром» патрабаваў завышанай цаны за пастаўкі газу ад Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Баўгарыі.

У «Газпрому» ёсьць 12 тыдняў, каб адказаць на прэтэнзіі Эўракамісіі.

«Газпром» заявіў, што лічыць выстаўленыя Эўракамісіяй прэтэнзіі ў спробах дамінаваць на рынках Эўропы неабгрунтаванымі. У заяве «Газпрому» гаворыцца, што кампанія строга выконвае ўсе нормы міжнароднага права і заканадаўства ў краінах, дзе яна вядзе сваю дзейнасьць. Прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў ТАСС, што кампанія абскардзіць рашэньне Эўракамісіі ва ўстаноўленым парадку.

Экспэртнае расьсьледаваньне дзейнасьці кампаніі было пачатае Эўракамісіяй у 2012 годзе па скарзе некалькіх краін ЭЗ, якія, будучы абсалютна залежнымі ад паставак расейскага газу, абвінавацілі «Газпром» у штучным завышэньні коштаў.

Як зрэагуе «Газпром», калі суд падтрымае абвінавачаньні Эўракамісіі?

Дырэктар амэрыканскай дасьледчай і кансалтынгавай кампаніі East European Gas Analysis Міхаіл Карчомкін лічыць, што «Газпром» будзе проста вымушаны выканаць антыманапольныя патрабаваньні Эўракамісіі, калі хоча захаваць сваю долю на эўрапейскім рынку газу. У інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў:

Карчомкін: Аналягічныя працэсы ў дачыненьні да іншых газавых кампаній, у першую чаргу — эўрапейскіх, як правіла, завяршаліся кампрамісам. Адзіны прэцэдэнт, калі быў накладзены буйны штраф, гэта гадоў пяць таму — на кампаніі Ruhrgas і Gaz de France. Гэта быў адзін зь першых выпадкаў разгляду антыманапольных справаў, і кампаніі, мабыць, былі пакараныя «для прыкладу». Штрафы аказаліся вельмі вялікімі — больш за паўмільярда эўра кожнай кампаніі. Сёньня Эўропа даволі хутка скарачае спажываньне газу, і нават пры захаваньні тут рынкавай долі «Газпрому» сам аб’ём паставак асуджаны на зьніжэньне. І, напэўна, галоўная задача «Газпрому» — не дапусьціць таго, каб яго пастаўкі падалі хутчэй, чым эўрапейскі рынак у цэлым. Гэта значыць, кампаніі неабходна захаваць сваю долю на эўрапейскім рынку. Я думаю, што ў выніку Эўразьвяз і «Газпром» дамовяцца, і «Газпром» выканае патрабаваньні Эўракамісіі. Чым, уласна, і канчаюцца ў большасьці выпадкаў такія справы.

РС: Прэтэнзіі Эўрапейскай камісіі, наколькі пра іх вядома, засяроджаныя на бізнэсе «Газпрому» ў краінах менавіта Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, але не Заходняй. І адна з галоўных прэтэнзій — злоўжываньне сваім манапольным становішчам, якое выяўляецца ў тым, што тутэйшым спажыўцам навязваюцца цэны, якія значна перавышаюць цэны для краінаў Заходняй Эўропы. І цяпер Эўракамісія мае намер дамагацца ўкараненьня нейкай «адзінай» для ўсіх краін ЭЗ формы кантрактаў на імпарт газу, якая ўтрымоўвала б і нейкі «базавы» ўзровень цаны, хоць выніковыя цэны і будуць адрозьнівацца ад краіны да краіны. Але, улічваючы, што многія бягучыя кантракты «Газпрому» з асобнымі эўрапейскімі краінамі заключаныя на дзесяцігодзьдзі наперад, наколькі вялікая, на ваш погляд, верагоднасьць таго, што яны будуць радыкальна перагледжаныя — у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўрапейскай камісіі?

Карчомкін: Газавыя кантракты будуць перагледжаны, але, хутчэй, у рамках двухбаковых адносін кожнай кампаніі і «Газпрому». Гэта значыць, тут уплыў Эўракамісіі, хоць, вядома, і вялікі, але не зьяўляецца вызначальным. Кантракты проста павінны быць прыведзены ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі дзейнага заканадаўства ЭЗ, гэта — самае галоўнае. Але самую «формулу цаны» наўрад ці можна ўсталяваць законам. Рынкі розных краін ЭЗ вельмі моцна адрозьніваюцца. Напрыклад, Фінляндыя, Італія або Партугалія маюць зусім розныя мадэлі паліўнага балянсу, розныя ацяпляльныя нагрузкі ў сілу асаблівасьцяў клімату. І нейкай адзінай формулы цаны на прыродны газ для Эўразьвязу ў цэлым, на мой погляд, быць ня можа. Больш за тое, для кожнага асобна ўзятага такога кантракту характэрныя і дзясяткі іншых умоваў. А для буйных эўрапейскіх энэргакампаній можа быць і па некалькі кантрактаў, і ў кожным зь іх часьцяком бываюць розныя цэны. То бок, кантракты моцна адрозьніваюцца ўмовамі, і ўсё прадугледзець загадзя немагчыма. Адзінае, чаго Эўракамісія можа запатрабаваць — гэта большай празрыстасьці інфармацыі па кантрактах, што наагул ужо адбываецца. Напрыклад, дадзеныя па сутачных патоках газу або па загрузцы падземных газасховішчаў у Эўразьвязе ўжо даўно сталі агульнадаступнымі.

РС: «Газпром» абвясьціў, што пасьля 2019 году ён ня мае намеру працягваць кантракт з Украінай на транзыт газу ў Эўропу празь яе тэрыторыю. У 2014 годзе на яго долю прыйшлося 42% усіх экспартных паставак газу ў ЭЗ з Расеі. Але ў гэтым выпадку неабходна пераглядаць ўжо дзейныя кантракты — у іх трэба будзе ўзгадняць іншыя маршруты дастаўкі... Ці ня стане гэта чарговым каменем спатыкненьня?

Карчомкін: Тэхнічна гэта магчыма. Хоць і вельмі дорага. Тэарэтычна можна, вядома, пастаўляць, напрыклад, газ у Італію акруговым шляхам — праз газаправод «Паўночны паток». Кантракт «Газпрому» з Італіяй падпісаны, калі не памыляюся, да пачатку 2030-х гадоў, і ён прадугледжвае пастаўку вельмі вялікіх аб’ёмаў. Скажам, амаль палова ўсяго газу, які «Газпром» зьбіраўся пастаўляць па «Паўднёваму патоку», прызначалася менавіта для Італіі. Таму без дамоўленасьці з Італіяй ўвесь цяперашні праект «Турэцкі паток» проста ня мае сэнсу. Бо калі газ паступіць на мяжу Турцыі і Грэцыі, але ня дойдзе пры гэтым да Італіі, то знаходжаньне гэтых аб’ёмаў газу на мяжы Грэцыі бессэнсоўна.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG