Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія да сёньняшняга дня застаецца адзінай краінай на Паўднёвым Каўказе, дзе Беларусь дагэтуль ня мае сваёй амбасады. І таму, калі ў кагосьці з грузінаў ці беларусаў, якія жывуць у Грузіі, узьнікаюць, напрыклад, консульскія пытаньні, яны мусяць ехаць у Ерэван, дзе знаходзіцца амбасада Беларусі ў Армэніі.

Таму некаторыя аналітыкі выказвалі меркаваньне, што да першага афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузіі будзе прымеркаванае і адкрыцьцё дыпляматычнай місіі Беларусі ў Тбілісі.

З пытаньнем пра гэта карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся сёньня да прэсавага сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка. Афіцыйны прадстаўнік МЗС адказаў:

«Давайце пачакаем заканчэньня візыту кіраўніка беларускай дзяржавы. Пакуль магу толькі сказаць, што на сёньняшні дзень амбасады Беларусі ў Грузіі сапраўды няма».

Неабходнасьць беларускай прысутнасьці ў Грузіі тлумачыцца і эканамічнымі праблемамі. Менавіта на дыпляматычныя прадстаўніцтвы за мяжой Аляксандар Лукашэнка ўскладае адказнасьць за прасоўваньне на замежныя рынкі беларускіх тавараў. А гандаль з Грузіяй складаецца пакуль не на карысьць Беларусі. Адмоўнае для Беларусі сальда па выніках 2014 году перавысіла 15 мільёнаў даляраў. Так было, дарэчы, і ў 2013 і 2012 гадах, калі Беларусь прадавала ў Грузію меней, чым там купляла.

Не задавальняе абедзьве краіны і агульная сума ўзаемнага таваразвароту. Апошнія тры гады яна балянсуе ў межах 60 мільёнаў даляраў.

Паспрыяць узаемнаму гандлю мае грузінска-беларускі інвэстыцыйны форум, прымеркаваны да першага афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Ён пачаўся сёньня, яшчэ да прылёту кіраўніка беларускай дзяржавы. За кошт чаго Беларусь можа падвысіць свой экспарт у Грузію?

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што беларускую дэлегацыю на інвэстыцыйным форуме ачольвае віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, які ва ўрадзе адказвае за аграрны сэктар. А ў беларуска-грузінскай міжурадавай гандлёвай камісіі адзін з сустаршыняў — міністар сельскай гаспадаркі Аляксандар Заяц. Таму лягічна думаць, што беларускі бок пастараецца прасунуць на рынкі Грузіі найперш сельскагаспадарчую тэхніку. Беларусы паспрабуюць запэўніць грузінскі бок, што беларускія тавары цалкам адпавядаюць стандартам якасьці.

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Гэта тое, што відавочна. Але ёсьць яшчэ адна сур’ёзная крыніца павелічэньня беларускага экспарту ў Грузію», — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«20 сьнежня 2013 году беларускі канцэрн „Белнафтахім“ атрымаў афіцыйны дазвол ад тагачаснага прэм’ера Мясьніковіча стварыць у Грузіі акцыянэрнае таварыства „БНХ „Тбілісі““. На гэтую справу далі пэўную суму ў эўра. І даручылі новай структуры „павялічыць экспарт і валютную выручку“. Дзеля гэтага ў Грузіі і ствараецца спэцыяльная сетка збыту беларускай нафтахімічнай прадукцыі і нафтапрадуктаў. Аднак наколькі эфэктыўна працуе гэтая структура, мне сказаць цяжка.

Тое, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэньні свайго экспарту ў Грузію, выразна бачна, калі згадаць, што ў Тбілісі ў сакавіку дзеля арганізацыі візыту Лукашэнкі лятаў першы намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Міхневіч. А ён у беларускім зьнешнепалітычным ведамстве пэрсанальна адказвае за зьнешнеэканамічныя сувязі».

Амбасада Грузіі ў Беларусі пачала працаваць з 2007 году. Дыпляматычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя ў 1994 годзе.

XS
SM
MD
LG