Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэман: Пуцін не самазабойца, каб нападаць на Прыбалтыку


Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў агенцтву Асашыэйтэд прэс, што расейскі лідэр Уладзімер Пуцін не самазабойца і ўсьведамляе наступствы магчымага нападу на Літву, Латвію і Эстонію.

«Я не баюся расейскага ўварваньня ў краіны Балтыі, бо мы ня можам выказаць здагадку, што кіраўніцтва Расеі настолькі дурное, каб зьдзейсьніць падобнае самагубства», — заявіў ён.

Зэман таксама закрануў канфлікту на Ўкраіне і расейскую ролю ў ім. Па словах чэскага лідэра, анэксаваць ўсход Украіны для Расеі эканамічна нявыгадна.

«Я думаю, Расея задаволеная анэксіяй Крыма, і сумняваюся, што магчыма ўварваньне на ўсход Украіны. Проста таму што рэгіён быў разбураны грамадзянскай вайной, і Маскве давядзецца карміць некалькі дзесяткаў мільёнаў галодных ратоў, а на гэта ў Расеі проста ня хопіць эканамічных магчымасьцяў», — сказаў чэскі лідэр.

«Калі Расея не ўварвецца на ўкраінскую зямлю, я думаю, санкцыі будуць паступова зьнятыя. Я знаходжу іх контрпрадуктыўнымі — гэтак жа, як і былыя санкцыі супраць Кубы», — дадаў Зэман.

Зэман таксама абвінаваціў у непрафэсіяналізме амэрыканскага амбасадара, які раскрытыкаваў рашэньне прэзыдэнта Чэхіі прыехаць на сьвяткаванне Дня Перамогі ў Маскве, паведамляе ВВС.

«Венская канвэнцыя аб дыпляматычных адносінах строга забараняе амбасадарам любой краіны ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржавы. Спадар Шапіра альбо па няведаньні, альбо наўмысна парушыў гэтае пагадненьне, што дыскрэдытуе яго як прафэсіянала».

Раней урад Чэхіі ухваліў паездку прэзыдэнта Мілаша Зэмана ў Маскву на сьвяткаваньне 70-годдзя Перамогі, хоць ён і ня будзе прысутнічаць на ваенным парадзе.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Іржы Аўчарэк удакладніў, што Зэман тым ня менш прыедзе ў Маскву на 9 траўня і ўскладзе вянок савецкім воінам, якія загінулі ў баях за вызваленьне Чэхаславакіі.

Падчас самога парада, па паведамленьнях СМІ, Зэман плянуе правесьці перамовы з прэм’ер-міністрам Славакіі Робэртам Фіцо.

XS
SM
MD
LG