Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку ў Тбілісі чакаюць зь першым афіцыйным візытам


Тбілісі перад візытам Лукашэнкі

Тбілісі перад візытам Лукашэнкі

22 красавіка распачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію — за 20 гадоў ва ўладзе гэта першая ягоная паездка ў гэтую каўкаскую краіну.

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі Грузіі заплянаваныя на 23-24 красавіка, сёньня ж пачатак двухбаковым мерапрыемствам дасьць грузіна-беларускі інвэстыцыйны форум.

Да сустрэчы Лукашэнкі ў грузінскай сталіцы пачалі рыхтавацца загадзя.

21 красавіка абапал аўтастрады, якая вядзе з аэрапорту ў Тбілісі, былі вывешаныя дзяржаўныя сьцягі Грузіі і Беларусі. Гэтаксама беларуская дзяржаўная сымболіка прысутнічае на ўсіх цэнтральных праспэктах і вуліцах — грузіны ўдзячныя беларускім уладам за адмову прызнаць акупаваныя Расеяй тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

На ўзвышшы - рэзыдэнцыя прэзыдэнта Грузіі

На ўзвышшы - рэзыдэнцыя прэзыдэнта Грузіі

Зрэшты, без канфузу не абышлося: на мосьце праз Куру, наўпрост каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта Георгі Маргвелашвілі, беларускія сьцягі разьмясьцілі не зялёным бокам да апоры слупоў, а чырвоным. Калі палотнішча ўзьняць нават на некалькі градусаў, атрымаецца, што сьцяг будзе перакулены дагары нагамі.

Палітычныя дывідэнды ад добрых стасункаў пакуль не перацякаюць у эканамічную плашчыню. Цягам апошніх гадоў двухбаковы тавараабарот вагаецца ў межах 50 мільёнаў даляраў, прычым, імпарт з Грузіі нават перавышае беларускія пастаўкі — у прыватнасьці, беларускую тэхніку выціскаюць заходнія аналягі. Таму адна з мэтаў візыту Лукашэнкі — запэўніць грузінскі бок у тым, што беларускія тавары цалкам адпавядаюць стандартам якасьці. Ня выключана, што ўжо падчас сёньняшняга інвэстыцыйнага форуму менскія перамоўнікі паспрабуюць пашырыць асартымэнт за кошт прасоўваньня на грузінскі рынак сельскагаспадарчай прадукцыі.

24 красавіка Аляксандар Лукашэнка выправіцца ў Батумі — курортную сталіцу Грузіі. На тле аб’ектыўна аслабелай цікавасьці да Крыму Аджарыя можа стаць беларусам альтэрнатывай адпачынку на Чорным моры. Праўда, дзеля гэтага запатрабуецца кардынальна перагледзець коштавую палітыку манапалісту ў авіяперавозках — «Белавія». Зь цяперашнімі тарыфамі пакуль што таньней адпачываць у Турэччыне.

Да таго ж, Батумі стане добрай візуальнай пляцоўкай для параўнаньня, як асвойваюцца інвэстыцыі ў будаўніцтва ў Беларусі і Грузіі. За некалькі гадоў Батумі з заштатнага порту пераўтварыўся ў ультрасучасны горад.

Батумі – каўкаскі Лас-Вегас

Батумі – каўкаскі Лас-Вегас

XS
SM
MD
LG