Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскіх нацыяналістаў асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне


Актывісты БОРН у судзе

Актывісты БОРН у судзе

У Маскоўскім абласным судзе абвешчаны прысуд членам нацыяналістычнай групоўкі БОРН.

Два пажыцьцёвых і 24 гады строгага рэжыму — да такіх пакараньняў Маскоўскі абласны суд прысудзіў 21 красавіка траіх удзельнікаў «Баявой арганізацыі расейскіх нацыяналістаў» (БОРН). Іх абвінавачваюць у забойствах, захоўваньні зброі, стварэньні экстрэмісцкага супольнасьці і іншых злачынствах, учыненых па ідэалягічных матывах. Яшчэ адзін падсудны апраўданы: па меркаваньні прысяжных, пракурорам ня ўдалося даказаць ні яго дачыненьне да забойстваў і замаху, ні факт прыналежнасьці да БОРН. Гэтая арганізацыя, у прыватнасьці, узяла на сябе адказнасьць за забойства судзьдзі Маскоўскага гарадзкога суду Эдуарда Чувашава, некалькіх антыфашыстаў, адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай.

Справа БОРН слухалася прысяжнымі. Менавіта яны на працягу некалькіх месяцаў разьбіраліся ва ўсіх абставінах, зьвязаных з замахамі і забойствамі, адказнасьць за якія сьледзтва ўсклала на чацьвярых падсудных. І ўрэшце менавіта прысяжныя вызначалі, ці даказаная віна Міхаіла Волкава, Вячаслава Ісаева, Максіма Баклагіна і Юрыя Ціхамірава. Апошняга калегія апраўдала. Волкава, Ісаева і Баклагіна прысяжныя прызналі годнымі паблажлівасьці па большасьці эпізодаў. Акрамя таго, на думку журы, пракурорам не ўдалося даказаць віну Баклагіна ў замаху на жыцьцё супрацоўніка праваахоўных органаў — па гэтым эпізодзе ён апраўданы, аднак за іншыя злачынствы Баклагіну, як і Ісаеву, прызначанае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. Воўкава прысудзілі да 24 гадоў зьняволеньня, першыя 10 зь іх ён павінен правесьці ў турме, а тыя, што засталіся — у калёніі строгага рэжыму.

На думку кіраўніка расейскага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру СОВА Аляксандра Вярхоўскага, справа БОРН — гэта той выпадак, калі да сьледзтва амаль няма прэтэнзій:

— Заўсёды, вядома, калі разглядаецца групавая справа, застаюцца нейкія цёмныя плямы, і тут яны засталіся таксама, але ў цэлым гэта добра расьсьледаваная справа. БОРН не была, уласна, арганізацыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Гэта, хутчэй, праект, як прынята казаць сёньня. Ня ўсе людзі, якія апынуліся на лаве падсудных, нават размаўлялі адзін з адным хоць трохі рэгулярна. Але гэта не перашкаджала ім зьдзяйсьняць нейкія скаардынаваныя дзеяньні, абмяркоўваць канкрэтныя напады і іх рэалізоўваць. Як і прынята ў такім асяродзьдзі, гэта, хутчэй, нейкая сукупнасьць асабістых сувязяў плюс гатоўнасьць людзей на сур’ёзныя злачынствы. Сур’ёзныя ня толькі ў сэнсе цяжару, але і ў тым сэнсе, што чакаецца сур’ёзнае расьсьледаваньне, і значыць, яны прымаюць на сябе рызыку. Ня ўсё ў неанацыскім асяродзьдзі на гэта рэальна гатовыя. А тут былі людзі, якія на гэта пайшлі. Пры гэтым БОРН быў цесна зьвязаны з легальна існуючай нацыяналістычнай арганізацыяй «Расейскі вобраз». Дастаткова сказаць, што за некалькі гадоў да БОРН была вялікая неанацыская арганізацыя, якая так і называлася — «Нацыянал-сацыялістычнае таварыства», якая выдатна спалучала адкрытую палітычную актыўнасьць нават са значна больш маштабнай крымінальнай дзейнасьцю.

Доўгі час у існаваньні «Баявой арганізацыі расейскіх нацыяналістаў» сумняваліся ня толькі прадстаўнікі праваахоўных органаў, але і дасьледчыкі дзейнасьці праварадыкальных аб’яднаньняў. Лічылася, што БОРН ня больш чым брэнд, які выкарыстоўваюць ўльтраправыя, з тым каб заявіць пра сябе — даказаць сваю магутнасьць і ўплыў. Аднак пасьля судовага разбору па справе аб забойстве ў 2009 годзе адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай, вынікам якога стаў пажыцьцёвы прысуд для абвінавачанага ў гэтым злачынстве Мікіты Ціханава, у сьледчых зьявілася новая інфармацыя. Яе паведаміў сам Ціханаў, падпісаўшы дасудовае пагадненьне і паабяцаўшы даць паказаньні супраць іншых удзельнікаў БОРН.

Ціханаў распавёў, што ў 2008 годзе ён стварыў «Баявую арганізацыю расейскіх нацыяналістаў», у якую ўваходзіла яго сужыцелька Яўгена Хасіс (таксама асуджаная за ўдзел у забойстве Маркелава і Бабуравай), Ільля Гарачаў, Аляксандар Парынаў, Міхаіл Волкаў, Максім Баклагін, Вячаслаў Ісаеў, Юрый Ціхаміраў і Аляксей Коршунаў. Апошні ў кастрычніку 2011 года па неасьцярожнасьці падарваўся на гранаце, якую заўсёды насіў з сабой на выпадак затрыманьня паліцыяй. Па словах Ціханава, члены БОРН зьдзейсьнілі каля дзясятка забойстваў у Маскве. Іх ахвярамі, акрамя Маркелава і Бабуравай, сталі чэмпіён сьвету па тайскім боксе Муслім Абдулаеў, удзельнік групоўкі «Чорныя ястрабы» Расул Халіль, таксіст Сасо Хачыкян, антыфашысты Фёдар Філатаў, Ільля Джапарыдзэ і Іван Хутарскі па мянушцы «Ламота». Членаў БОРН зьвязваюць з замахамі на ўчастковага паліцэйскага Гагіка Беняміняна і Рамазана Нурычуева. Сьледзтва лічыць, што менавіта ўдзельнікі БОРН ў красавіку 2010 года забілі судзьдзю Масгарсуда Эдуарда Чувашава.

За гэтыя свае паказаньні Ціханаў атрымаў у дадатак да пажыцьцёвага тэрміну яшчэ 18 гадоў. Справа Гарачава выдзелена ў асобную вытворчасьць і вось-вось паступіць у суд. Парынаў абвешчаны ў вышук, Ісаеў і Баклагін прысуджаныя да пажыцьцёвага тэрміну, Волкаў да 24 гадоў, а Ціхаміраў апраўданы.

Першай ахвярай БОРН стаў антыфашыст Фёдар Філатаў, аднак у прэсе першыя публікацыі пра «Баявую арганізацыю расейскіх нацыяналістаў» зьявіліся пасьля таго, як 6 сьнежня 2008 г. Коршунаў і Парынаў напалі на мігранта Салахідзіна Азізава. Яму адсеклі галаву. Ціханаў два дні захоўваў яе ў сябе на бальконе, затым вывез у парк, сфатаграфаваў (гэтая фатаграфія па электроннай пошце была разасланая ў праваабарончыя арганізацыі), а пасьля падкінуў на ганак Мажайскай управы. Да галаве ён прыклаў запіску, у якой перадаваў прывітаньне ад нацыяналістаў і пагрозы чыноўнікам.

XS
SM
MD
LG