Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракурор патрабуе сьмяротнага пакараньня для Царнаева


21-гадовы чачэнец Джахар Царнаеў пераехаў у Амэрыку са сваёй сям’ёй ва ўзросьце васьмі гадоў і прыняў грамадзянства ЗША за год да арганізацыі тэракту, у выніку якога загінулі тры чалавекі і былі параненыя больш за 264.

У Бостане на слуханьнях па справе Джахара Царнаева пракурор запатрабаваў сьмяротнага пакарання для аднаго з арганізатараў выбуху на Бостанскім марафоне ў 2013 годзе. Гэта заява была зроблена ў Фэдэральным судзе акругі Масачусэц у пачатку другога этапу слуханьняў, якія пачаліся ў аўторак.

На думку памочніка фэдэральнага пракурора ЗША Надзін Пэлігрыні, сьмяротнае пакараньне зьяўляецца адпаведным учынку, паколькі Джахар Царнаеў плянаваў і рыхтаваў змову з мэтай забойства.

Джахар Царнаеў зьяўляецца «найгоршым кашмарам Амэрыкі» і заслугоўвае таго, каб памерці за адзін з самых крывавых нападаў на тэрыторыі ЗША пасьля 11 верасьня 2001 года, заявіла яна.

Суду быў паказаны ніколі раней ня публікаваны фотаздымак Царнаева, апранутага ў аранжавы турэмны камбінэзон, які паказвае сярэдні палец у бок камэры назіраньня.

Былы студэнт быў раней у гэтым месяцы прызнаны вінаватым па ўсіх 30 пунктах абвінавачваньня, у саўдзеле ў арганізацыі выбуху 15 красавіка 2013, забойстве афіцэра паліцыі, крадзежы аўтамабіля. Царнаеў сваю віну не прызнае.

Падчас сьледзтва было ўсталявана, што Царнаеў казаў, што яго дзеяньні былі помстай ЗША за вайну ў Іраку і Аўганістане.

Перад будынкам фэдэральнага суду дзясяткі пратэстоўцаў наладзілі дэманстрацыю супраць сьмяротнага прысуду. На адным з плякатаў было напісана: «Навошта забіваць людзей, якія забіваюць людзей, каб паказаць, што забойства людзей нядобра?»

Як чакаецца, этап будзе доўжыцца каля трох-чатырох тыдняў. Падчас яго будуць заслуханыя паказаньні сьведак з боку абвінавачваньня і абароны. Ці будуць даваць паказаньні сам Царнаеў і яго сваякі, пакуль невядома.

XS
SM
MD
LG