Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ: Дзень прэзыдэнцкіх выбараў стане важнай праверкай для Лукашэнкі


«Дзень прэзыдэнцкіх выбараў стане важнай праверкай таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэньня ўзаемаадносін з Радай Эўропы і іншымі міжнароднымі арганізацыямі», — заявіў спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Андрэа Рыгоні на слуханьнях па сытуацыі ў Беларусі на пасяджэньні камітэту па палітычных пытаньнях і дэмакратыі ў Страсбуры 21 красавіка.

Андрэа РЫгоні

Андрэа РЫгоні

БелаПАН паведамляе, што паводле Рыгоні, які наведаў Менск у лютым, сытуацыя ў Беларусі «быццам бы паступова паляпшаецца». «Але хачу згадаць даклады розных міжнародных арганізацый, якія гавораць і пра парушэньні розных правоў чалавека ў Беларусі», — цытуе спэцдакладчыка БелаПАН.

На думку Рыгоні, Радзе Эўропы і ПАРЭ ўсё яшчэ трэба пераканацца ў тым, што ў Беларусі ёсьць воля і жаданьне прытрымлівацца эўрапейскіх фундамэнтальных каштоўнасьцяў.

У слуханьнях прысутнічала старшыня ПАРЭ Ан Брасар.

Беларускі бок на слуханьнях прадстаўлялі старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Самасейка, а таксама намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец і Валянцін Стэфановіч — намесьнік кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«На гэты час мы ня бачым палітычнай волі ў кіраўніцтва Беларусі, скіраванай на выкананьне неабходных умоваў для поўнага сяброўства ў Радзе Эўропы», — заявіў на слуханьнях Валянцін Стэфановіч.

Як паведамляе БелаПАН, Стэфановіч падкрэсьліў, што ўлады нічога ня робяць для адмены сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньня мараторыю на яго прымяненьне, не імкнуцца ратыфікаваць Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека і прызнаць кампэтэнцыю Эўрапейскага суду па правах чалавека.

Паводле Стэфановіча, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі набылі сыстэмны і сыстэматычны характар.

У прыватнасьці ён адзначыў, што ў сьнежні 2014 году былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія дазваляюць блякаваць любыя інтэрнэт-сайты без судовага рашэньня. «І яшчэ да таго, як набылі моц гэтыя папраўкі ў сьнежні 2014 году, шэраг незалежных інтэрнэт-парталаў быў заблякаваны для беларускіх карыстальнікаў», — сказаў праваабаронца.

Стэфановіч таксама падкрэсьліў, што ў Беларусі амаль немагчыма атрымаць дазвол на правядзеньне мірнага сходу. «У Менску ў год праходзяць чатыры дазволеныя ўладамі такія сходы. У іншых гарадах іх наогул амаль няма», — адзначыў Стэфановіч.

XS
SM
MD
LG