Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22-24 красавіка Арменія адзначае 100-годзьдзе генацыду армянскага народу ў Асманскай імпэрыі. Паводле ацэнак гісторыкаў, загінула каля 1,5 млн армян. На жалобныя ўрачыстасьці запрошаны шматлікія замежныя госьці.

Як вядома, Турэччына не прызнае ні самога факту генацыду, ні сваёй віны і вельмі хваравіта ставіцца да гэтага юбілею. Анкара жорстка раскрытыкавала адпаведную рэзалюцыяю Эўрапарлямэнту, заяву рымскага Папы, у якіх выказваюцца спачуваньні армянскаму народу. Каб перабіць урачыстасьці ў Арменіі, турэцкае кіраўніцтва вырашыла у гэтыя самыя дні 23-24 красавіка арганізаваць сьвяточныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 100-годзьдзю бітвы пры Галіполі, якую выйгралі туркі, ня даўшы французкім і брытанскім вайскоўцам захапіць праліў Басфор, каб кантраляваць марскі шлях з Эўропы ў Азію. Уласна сама высадка саюзьнікаў на паўвыспу пачалася 25 красавіка 1915 году. Але Анкара перанесла сьвяткаваньне на 23-24 красавіка менавіта для таго, каб супрацьпаставіць урачыстасьцям у Арменіі. І туды таксама запрошаны шматлікія замежныя госьці.

У выніку кіраўніцтва іншых краін апынулася ў складаным становішчы, перад нялёгкай дылемай, куды ехаць. Бо ня хочацца псаваць адносіны ні з адной, ні з другой дзяржавай.

У Ерэван прыбудуць кіраўнікі дэлегацый больш за 60 краін і міжнародных арганізацый. Свой удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 100-годзьдзя генацыду, пацьвердзілі Францыя, Расея і Кіпр на найвышэйшым узроўні. У гэтыя дні ў Арменію прыедуць старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Эн Брасэр, Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд.

А ў Турэччыну, паводле папярэдняй інфармацыі, прыедуць брытанскія прынцы Чарльз і Гары, прэм’ер-міністар Аўстраліі Тоні Эбат, прэм’ер-міністар Новай Зэляндыі Джон Кі, прэзыдэнт Азербайджану Ільхам Аліеў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне наведаць Арменію, а ў Турэччыну паедзе старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін — чацьвёрты паводле пасады афіцыйны прадстаўнік краіны.

Варта было б чакаць, што кіраўнікі краін-чальцоў АДКБ і ЭАЭС праявяць салідарнасьць з сваім нанйбліжэйшым саюзьнікам — Арменіяй, якая таксама зьяўляецца сябрам гэтых арганізацый, і прыедуць на ўрачыстасьці ў Ерэван усьлед за Пуціным.

Аднак, высьвятляецца, што зусім не. Ва ўсялякім разе, паводле інфармацыі на гэты час, прэзыдэнты Беларусі і Казахстану не зьбіраюцца ехаць у Арменію. І гэта выклікае там пэўнае непаразуменьне. Напрыклад, мне ўжо тэлефанавалі армянскія журналісты з просьбай патлумачыць нежаданьне Лукашэнкі прыяжджаць у Ерэван.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што як раз у гэты час 23-24 красавіка плянуецца першы ў гісторыі візыт кіраўніка Беларусі ў Грузію. Гэта зусім побач зь Ерэванам. Грузію не зьвязваюць зь Беларусьсю ніякія саюзьніцкія адносіны, яна выйшла нават з СНД.

Да таго ж расейска-грузінскія адносіны даволі напружаныя, таму, можна меркаваць, гэты візыт ня ўзрадуе Маскву. Калі б гэта адбылося падчас прэзыдэнцтва Міхаіла Саакашвілі, то ўвогуле быў бы вялікі скандал.

Думаю, візыт Лукашэнкі ў Грузію як раз у момант урачыстасьцяў у Арменіі ўсё ж не дэмарш, а простае супадзеньне. Беларускае МЗС, якое рыхтавала візыт, проста не пралічыла гэты момант, як гэта часта зь ім бывае, і ў выніку падставіла кіраўніка дзяржавы.

Чаму ўсё ж Лукашэнка ня едзе ў Арменію? Прычына тая самая, што і ў кіраўнікоў іншых дзяржаў. Менск ня хоча псаваць адносіны з Турэччынай. Саюзьніцтва з Арменяй у рамках АДКБ і ЭАЭС — гэта добрая карцінка для абывацеля. А калі ўзьнікае вось такая, як цяпер, сур’ёзная дылема, то высьвятляецца, што гэтыя арганізацыі ў значнай ступені фантомныя. Краіны кіруюцца прагматычнымі інтарэсамі. Таму, напрыклад, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з галоўным армянскім ворагам Азербайджанам (продаж зброі) ня меншае, чым з Арменіяй, хоць Баку ігнаруе інтэграцыйныя аб’яднаньні, створаныя Масквой.

Вось і цяпер кіраўніцтва Беларусі палічыла, што Арменія хоць фармальна і саюзьнік, але бедная краіна, што зь яе можна ўзяць. А Турэччына — краіна багатая, прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы Блізкага Ўсходу.

Турэцкі капітал даволі заўважны ў Беларусі. Турэччына ўваходзіць у пяцёрку лідэраў краін-інвэстараў у беларускую эканоміку. Аб’ём турэцкіх інвэстыцый у некаторыя гады складаў каля $1 млрд. У асноўным яны скіраваныя ў сэктар мабільнай сувязі (GSM), гатэльны бізнэс, вытворчасьць (тэкстыль, апрацоўка мэталу, плястык і іншае). Навошта ж ўсё гэта псаваць?

А калі трэба, то Лукашэнка можа з гонарам паразважаць, які круты ў нас саюз. Вось і падчас сустрэчы з эўракамісарам ЭЗ Ёганэсам Ганам ён папракаў Эўразьвяз за тое, што той ігнаруе ЭАЭС, заклікаў ладзіць «інтэграцыю інтэграцый». Але, як высьвятляецца, рэальнасьць моцна не супадае з афіцыйнай рыторыкай.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG