Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: у Данбасе 6 тысяч забітых, 15 тысяч параненых


Магілы невядомых прарасейскіх сэпаратыстаў на могілках у Данецку
Магілы невядомых прарасейскіх сэпаратыстаў на могілках у Данецку

За год ад пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны загінулі больш за 6 тысяч чалавек, больш за 15 тысяч атрымалі раненьні, гаворыцца ў дакладзе ААН.

Паводле зьвестак арганізацыі, больш за 800 тысяч украінцаў зьехалі з краіны і падалі просьбы на атрыманьне прытулку ў суседніх дзяржавах.

Сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла заяву «Аб адпоры ўзброенай агрэсіі Расеі і пераадоленьні яе наступстваў».

Украінскія дэпутаты запатрабавалі ад Масквы неадкладна вывесьці ўсе расейскія вайсковыя фармаваньні з украінскай тэрыторыі і спыніць любую падтрымку узброеных сэпаратыстаў у Данбасе, а таксама прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у падрыхтоўцы і ажыцьцяўленьні агрэсіі супраць Украіны. У выпадку адмовы Украіна пакідае за сабой права зьвярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд. У заяве ўпершыню названая дата пачатку Расеяй вайны супраць Украіны — 20 лютага 2014 году.

Дакумэнт зьяўляецца працягам пастановы Вярхоўнай Рады за 27 студзеня, у якой Расея была прызнаная краінай-агрэсарам, і дазваляе ўкраінскаму МЗС афіцыйна аформіць прэтэнзіі Кіеву да расейскіх уладаў.

Нядаўна генэрал Віктар Мужэнка, начальнік генштабу Ўзброеных сіл Украіны, упершыню назваў некалькі рэгулярных расейскіх вайсковых частак, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны і ўдзельнічаюць у баях на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Да іх ліку, паводле Мужэнкі, належаць 5-я асобная мотастралковая брыгада 2-й арміі Цэнтральнай вайсковай акругі, 8-я асобная мотастралковая брыгада, 331-шы паветрана-дэсантны полк з Кастрамы. Мужэнка заявіў, што «мае доказы» ўдзелу расейскіх войскаў у трох баявых апэрацыях на ўсходзе Ўкраіны ў лютым, уключаючы жорсткія баі за Дэбальцава — важны чыгуначны вузел, цяпер кантраляваны сэпаратыстамі.

Масква заяўляе, што расейскіх войскаў ва Ўкраіне няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG