Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рауль Кастра прыедзе на парад у Маскву


Прэзідэнт Кубы Рауль Кастра прыедзе ў Маскву на сьвяткаваньне 70-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне, заявіла сьпікер расейскага Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка.

«Мы чакаем у Маскве галаву Дзяржсавету Кубы Рауля Кастра, які прыедзе да нас на парад перамогі», — сказала яна.

Паводле яе слоў, кубінскі лідэр таксама правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Як заяўляў міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, у Маскву на 70-годзьдзе Перамогі ў Другой сусьветнай вайне былі разасланыя запрашэньні 68 лідэрам краін свету. Запрашэньне прынялі 32 лідэры, сярод іх пераважаюць прэзыдэнты і прэм’еры краін Азіі і постсавецкай прасторы. У прыватнасьці, запрашэнне прыняў кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын, для якога гэта будзе першы замежны візыт у якасьці вышэйшага кіраўніка краіны.

Барак Абама і Рауль Кастра

Барак Абама і Рауль Кастра

У Эўропе запрашэньне адзначыць Дзень перамогі — 9 траўня — у Маскве прыняў прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіадзіс. 6 красавіка прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч вырашыў, што сэрбскія вайскоўцы возьмуць удзел у парадзе ў гонар 70-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Маскве.

Кіраўнікі Вялікабрытаніі, Польшчы, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Францыі, Германіі, ЗША ў Маскву 9 мая не прыедуць. Лукашэнка асудзіў рашэньне шэрагу краінаў байкатаваць парад у Маскве, але і сам прыехаць не зьбіраецца. Паводле яго словаў, ён будзе ў гэты час прымаць парад у Менску.

XS
SM
MD
LG