Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага журналіста-фрылянсэра зноў абвінавачваюць у супрацы зь «Белсатам»


Кастусь Жукоўскі ў судзе

Кастусь Жукоўскі ў судзе

Гомельскі фрылянсэр Кастусь Жукоўскі атрымаў сёлета ўжо трэці адміністрацыйны пратакол, у якім яго абвінавачваюць у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ».

Гэтым разам пратакол прыйшоў па пошце з Нараўлянскага раённага аддзелу міліцыі, падпісаны ўчастковым інспэктарам, старшым лейтэнантам Дзьмітрыем Жылінскім. У ім сказана:

«12 сакавіка 2015 году ў пэрыяд часу з 12.00 да 13.00 Жукоўскі К.І., будучы на вул. Піянэрскай в. Буда-Галоўчыцкая Нараўлянскага раёну, ня маючы адпаведнай акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на вытворчасьць дзейнасьці журналіста, незаконна правёў інтэрвіюяваньне жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая, тым самым незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта сюжэту „Пажылыя людзі вымушаны плаціць за свае дамы ў 4 разы больш, чым за калгасныя“, які 13.03.2015 г. быў прадэманстраваны ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу „Белсат“ (Польшча) у праграме „Аб’ектыў“».

Выснова такая: грамадзянін Жукоўскі парушыў частку 2 артыкул 22.9 КоАП — незаконны выраб прадукцыі СМІ, бо ня меў акрэдытацыі «на вытворчасьць дзейнасьці журналіста».

Вось што мяркуе на гэты конт сам Кастусь Жукоўскі:

«Беларуская Канстытуцыя гарантуе мне права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. А гэтае права, чыноўнікі абставілі рознымі падзаконнымі актамі ды інструкцыямі. Дык вазьміце і зьмяніце Канстытуцыю, тады будзе ўсё зразумела. І прадукцыю СМІ як журналіст-фрылянсэр я не вырабляю — гэта робяць рэдакцыі газэт, інфармацыйных агенцый, тэлекампаній. Я зьбіраю інфармацыю аб тым, які жывуць людзі, у чым маюць патрэбу. Гэтага, відаць, і пужаюцца чыноўнікі. Празь міліцыю й суды перасьледуюць людзей зь відэакамэрамі, фотаапаратамі».

2 красавіка судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Бакуноў пакараў Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ «без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў».

Зацемка пад назовам «За забітае дзіцё пакаралі пэдагогаў ды мэдыкаў» была зьмешчана 6 лютага на сайце беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які восьмы год транслюе перадачы з Польшчы, паколькі беларускае Міністэрства замежных спраў адмаўляе тэлеканалу ў афіцыйнай акрэдытацыі.

Сюжэт на тэлеканале «Белсат» адсачыла Ўправа ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, якая вядзе маніторынг публікацый.

Адміністрацыйны пратакол на «незаконны выраб прадукцыі СМІ» склаў капітан міліцыі Чыгуначнага РАУСу Віктар Сьцепаненка.

Напрыканцы мінулага года Кастусь Жукоўскі з журналісткай Ларысай Шчыраковай здымалі ў Сьветлагорску перад раённым выканкамам адзіночны пікет інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі. Міліцыя абвінаваціла фрылянсэраў ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце, а Сьветлагорскі раённы суд аштрафаваў іх — кожнага на 900 тысяч рублёў.

XS
SM
MD
LG