Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзюдзя», альтанкі, вышыванкамабілі — усё па-беларуску ў магілёўскім бізнэсе


Адзін магілёўскі прадпрымальнік назваў свой бізнэс тутэйшым словам «Дзюдзя», другія заклікаюць «Адпачываць ля хаты», а трэці прапануе расьліну ў падарунак за пераклад слова на беларускую мову — як на Магілёўшчыне прыватны бізнэс укладаецца ў адраджэньне роднай мовы.

Адзін магілёўскі прадпрымальнік назваў свой бізнэс тутэйшым словам «Дзюдзя», другія заклікаюць «Адпачываць ля хаты», а трэці прапануе расьліну ў падарунак за пераклад слова на беларускую мову — як на Магілёўшчыне прыватны бізнэс укладаецца ў адраджэньне роднай мовы.

Беларуская мова паволі адваёўвае ў расейскай сваё месца ў бізнэсе. Адмыслоўцы зазначаюць: усё больш кампаніяў выкарыстоўваюць у прасоўваньні сваіх брэндаў і прадуктаў нацыянальную мову.

У Магілёве беларускамоўнай рэклямы пакуль ня шмат, але і яна пакрысе зьяўляецца на білбордах і рэклямных банэрах. Калі раней мясцовыя бізнэсоўцы зазначалі, што абралі мову як маркетынгавы ход, то цяпер кажуць пра важнасьць падтрымкі беларушчыны.

Мне мая бабуля казала: «Ідзі дзюдзю пачухай»

На адным з рынкаў Магілёва кінуўся ў вочы рэклямны банэр са словам «Дзюдзя». Гэтае прызабытае зь дзяцінства беларускае слова сярод расейскамоўнай рэклямы падыхала цеплынёю, але ўсё ж глядзелася нязвыкла.

Кіраўнік сеткі невялікіх крамаў «Дзюдзя» Сяргей Якушаў заўважае: «Хто з Магілёўскай вобласьці, той ведае, што ў тутэйшых вёсках сьвіней ласкава завуць дзюдзямі. Мне мая бабуля казала: „Ідзі дзюдзю пачухай“. Мы гандлюем сьвінінай, то і назву такую сабе ўзялі».

Суразмоўца даводзіць: у прыдумцы назвы для арганізацыі адыграла ролю ягоная прынцыповая пазыцыя: каб беларуская мова акрыяла, яе трэба падтрымліваць.

Сяргей зазначае, што беларускамоўны брэнд дапамагае вылучыцца на рынку сярод іншых крамаў, якія гандлююць тым жа таварам. Слова «Дзюдзя», кажа ён, падабаецца і пакупнікам.

«Расейскамоўная назва нам бы і не пасавала. А беларускамоўная — сама тое!» — падкрэсьлівае бізнэсовец, — «Некаторыя пакупнікі нават фатаграфуюцца на фоне яе. Дый нашы пакупнікі — людзі невялікага дастатку і збольшага беларускамоўныя. Гавораць пераважна на трасянцы, і слова „дзюдзя“ для іх блізкае і зразумелае. Шкоды адназначна нам няма ад беларускай назвы».

На думку Сяргея Якушава, пасьля падзеяў ва Ўкраіне стаўленьне беларусаў да сваёй нацыянальнай мовы паволі мяняецца ў лепшы бок. Сытуацыя з мовай, кажа ён, хоць і крытычная, але яе яшчэ можна выправіць. Бізнэсовец, аднак, зазначае, што дзяржава магла б рабіць куды больш, каб падахвоціць людзей вярнуцца да роднай мовы.

«Цяпер я ўжо магу прыйсьці ў краму і загаварыць на беларускай мове — і на мяне ня будуць глядзець вялікімі вачыма, як тое было, напрыклад, гадоў 15 таму. Тады людзі проста не разумелі мяне. Думалі, што я цьвялюся альбо жартую гэтак. Грамадзкае стаўленьне да мовы цяпер мяняецца.

На дзяржаўным жа ўзроўні сытуацыя застаецца ранейшай. Беларускамоўных садкоў, школаў няма. Трэба больш актыўна працаваць у гэтым кірунку», — мяркуе кіраўнік сеткі крамаў «Дзюдзя».

«Адпачывайце ля дома»

У адным са спальных раёнаў гораду на перакрыжаваньні галоўных тутэйшых магістраляў сярод зноў жа рэклямы на расейскай мове вылучаецца білборд на беларускай. Ім магілёўцаў запрашаюць адпачыць у паляўнічым комплексе, што ў Чавускім раёне на беразе ракі Проня. Супрацоўніца Чавускага лясгасу, якому комплекс належыць, не хавае, што беларускамоўная рэкляма — гэта маркетынгавы ход, каб завабіць да сябе на адпачынак людзей.

«Цяпер у краіне сытуацыя ня простая», — тлумачыць суразмоўніца. — «Раней людзі езьдзілі адпачываць на мора, а цяпер эканамічна не зусім стабільна, не ўва ўсіх выходзіць паехаць туды. Таму мы хочам паказаць, як трэба адпачываць у сябе дома, па-беларуску».

На пытаньне, ці дапамагла беларуская мова павялічыць колькасьць кліентаў паляўнічага комплексу «Ля Проні», супрацоўніца лясгасу зазначыла: «Тэлефанаваньняў з пытаньнямі нямала».

«Вы ж, відаць, заўважылі на білбордзе слова «Альтанкі». Вось людзі ідуць, чытаюць, і ім робіцца цікава, што гэта за слова такое. Яны тэлефануюць, і першае ж пытаньне: «Што яно азначае?». Мы, калі распрацоўвалі рэкляму, то наўмысна падбіралі такія слова, каб было ўсё па-беларуску. У нашых рэклямных буклетах пішам: «Адчуй увесь смак беларускага адпачынку! Цяпер у Чавусах усталёўваем вялікі беларускамоўны білборд. На ім надпіс «Адпачывайце ля дома».

«Дык пісалі б, як усе па-расейску, — ня блыталі б людзей незнаёмымі словамі?», — задаем суразмоўніцы правакацыйнае пытаньне:

«Ды вы што? Людзям падабаецца!», — пярэчыць суразмоўніца, — «Цяпер становіцца модным сваё, роднае, беларускае. Цяпер нават на дарагіх машынах наклейваюць арнамэнт беларускі. Патрыятызм расьце, і людзі дужа добра на беларускае рэагуюць».

«Перакладзі слова на беларускую мову — і атрымаеш расьліну ў падарунак»

Уладзімер Пухоўскі адзін з тых, хто на сваёй машыне мае беларускі арнамэнт. Ён таксама бізнэсовец. У яго гадавальнік расьлін. Беларуская мова ў ягоным «Зялёным раі» на пярэднім пляне.

«Калі пакупнікі прыяжджаюць да мяне, упершыню чуюць і бачаць беларускую мову, то рэакцыя ў іх пазытыўная», — зазначае бізнэсовец. — «Яны ўсьміхаюцца. Спрабуюць адказваць па-беларуску. Дзівяцца, вядома ж. Некаторыя, калі тэлефануюць, то кажуць: «А чаму ж вы так хутка ўзьнялі слухаўку, мы хоць бы беларускіх песень наслухаліся».

Пры першай нашай сустрэчы Ўладзімер апавядаў, што для беларускамоўных пакупнікоў рабіў зьніжкі. Праз нейкі час ад гэтай ініцыятывы адмовіўся, бо кліенты, кажа, пачалі хітраваць: два словы скажуць — і давай зьніжку. Цяпер жа бізнэсовец прыдумаў яшчэ адзін конкурс: «Перакладзі слова на беларускую мову — і атрымаеш расьліну ў падарунак».

«Шмат хітруноў і цяпер трапляецца. Некаторыя праз інтэрнэт у тэлефоне спрабуюць перакладаць. Адвернуцца і поркаюцца ў ім. Такім кажам, што гэтак рабіць нельга», — зазначае Уладзімер Пухоўскі, — «А неяк прыехала настаўніца ды хутка ўсе словы пераклала і расьліну атрымала бясплатна. Нават не чакалі, што так хутка дасьць рады. Вось гэтак спрабуем, як можам, падахвоціць людзей да вывучэньня беларускай мовы».

На думку суразмоўцы, цікавасьць да беларускай мовы ды беларушчыны ў цэлым будзе толькі нарастаць. Ён лічыць, што гэта ня модныя тэндэнцыі, а вымогі часу. Іначай, заўважае нашчадак шляхецкага роду Пухоўскіх, быць ня можа.

XS
SM
MD
LG