Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праводзіць дэкамунізацыю, Масква пратэстуе, Менск крывіцца


Падзеньне помніка Леніну ў Харкаве 28 верасьня 2014 году

Падзеньне помніка Леніну ў Харкаве 28 верасьня 2014 году

Украіна прыняла шэраг законаў, якія маюць дапамагчы ёй узяць пад кантроль разуменьне мінулага краіны ў 20-м стагодзьдзі. Расея, аднак, бачыць у гэтым недаравальны напад на яе ўласны вобраз, піша аглядальнік Радыё Свабода Робэрт Колсан.

У канцы верасьня 2014 году натоўп людзей з украінскімі сьцягамі і воклічамі «Слава Украіне» зваліў помнік Леніну ў Харкаве. На сваёй старонцы ў фэйсбуку міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў не выказаў шкадаваньня, напісаўшы: Хай падае, абы пры гэтым крывавы камуністычны ідал не нарабіў новых ахвяраў.

Драматычнае разбурэньне помнікаў Леніну па ўсёй Украіне падчас падзеяў Эўрамайдану было ня проста яркім візуальным вобразам. Гэта было вяртаньне да псыхакультурнага працэсу, які ва Ўкраіне пачаўся, але не завяршыўся з развалам Савецкага Саюзу ў 1991 годзе — працэсу, які пуцінская Расея лічыць настолькі ж пагрозьлівым, як далучэньне Ўкраіны да Эўразьвязу ці НАТО.

9 красавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла чатыры законы пра дэкамунізацыю, якія, сярод іншага, забараняюць савецкія сымбалі і праводзяць знак роўнасьці паміж савецкім і нацысцкім рэжымамі. Ініцыятары гэтых законаў спадзяюцца, што зь іх дапамогай адбудзецца канчатковы і незваротны разрыў з савецкім мінулым Украіны — і адпаведна з пуцінскай Расеяй.

«Кожная рэформа патрабуе выдаткаў, --- кажа Ўладзімір Вятровіч, дырэктар Інстытуту нацыянальнай памяці Ўкраіны. «Але ўрэшце гэтыя выдаткі апраўдваюцца, бо менавіта такім чынам краіна пачынае мяняцца. Мы маем магчымасьць паглядзець на досьвед краінаў Ўсходняй Эўропы, якія прайшлі гэтыя працэсы дэкамунізацыі, і пабачыць як далёка яны прасунуліся, як нармальныя дэмакратычныя дзяржавы».

«Зь іншага боку, — дадае ён, — мы можам паглядзець на такія дзяржавы як Расея і Беларусь, дзе гэтыя працэсы дэкамунізацыі не прайшлі, і дзе наадварот адбываецца рэабілітацыя савецкага мінулага. І гэтыя дзяржавы ўсё больш скочваюцца ў бок аўтарытарызму».

Масква: Яны змагаюцца з «гераічным мінулым»

Рэакцыя Масквы на ініцыятыву Ўкраіны па дэкамунізацыі была настолькі ж адмоўнай, як і на заклікі аб далучэньні Ўкраіны да Эўразьвязу і НАТО. Міністэрства замежных спраў Расеі ў сваёй заяве 10 красавіка назвала новыя законы часткай «барацьбы зь гераічным мінулым народу Ўкраіны».

«Падносячы пэрыяд 1917-1991 гадоў як пэрыяд барацьбы за незалежнасьць Украіны і абвяшчаючы „камуністычны таталітарны рэжым“ гэтага пэрыяду „злачынным“, які „праводзіў палітыку дзяржаўнага тэрору“, цяперашнія ўкраінскія ўлады намагаюцца сьцерці з памяці мільёнаў украінцаў старонкі сапраўднай гісторыі Ўкраіны XX стагодзьдзя, яе паступальнага разьвіцьця ў складзе Савецкага Саюзу,» — гаворыцца ў заяве.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 14 красавіка назваў новыя законы «згубнымі» для менскага працэсу перамір’я ва ўсходняй Ўкраіне паміж Кіевам і сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея.

Людзі з партрэттамі Сталіна на сьвяткаваньні Дня савецкай арміі ў Данецку 23 лютага 2015 году.

Людзі з партрэттамі Сталіна на сьвяткаваньні Дня савецкай арміі ў Данецку 23 лютага 2015 году.

На думку Крамля, камуністычнае мінулае было часам эканамічнага прагрэсу, сацыяльнай стабільнасьці і — што найважней — перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Для ўсё большай колькасьці ўкраінцаў гэта час галадамору, тэрору і ўціску ўкраінскіх нацыянальных памкненьняў.

У цяперашніх законах ёсьць пункты аб цэнтралізацыі і адкрыцьці ўсіх архіваў органаў бясьпекі савецкага часу, аб аднолькавым асуджэньні камуністычнага і нацысцкага таталітарызму ва Ўкраіне, аб забароне нацысцкай і камуністычнай сымболікі, аб ушанаваньні «тых, хто змагаўся за незалежнасьць Украіны ў 200-м стагодзьдзі», аб скасаваньні камуністычных назваў вуліцаў, плошчаў ды іншых месцаў, а таксама тлумачэньні наконт ушанаваньня памяці пра Другую ўсясьветную вайну.

Украінскі сацыёляг Віктар Небажэнка кажа, што дэпутаты з дапамогай новых законаў хацелі даць ідэалягічны адказ на расейскую агрэсію, так як гэта разумее цяперашні палітычны кляс Украіны.

Небажэнка дадае, што грамадзкая думка ва Ўкраіне відавочна падтрымлівае большую дэкамунізацыю. Ён кажа, што сацыялягічныя службы даўно ўжо адмовіліся ад апытаньняў пра стаўленьне ўкраінцаў да Леніна і Сталіна і што «нават самі нашыя камуністы ўжо больш не паўтараюць савецкую ідэалёгію».

Сталін зноў папулярны ў Расеі

У Расеі сытуацыя зусім іншая, кажа Леў Гудкоў, кіраўнік расейскага сацыялягічнага Цэнтру Лявады. Ад часу развалу Савецкага Саюзу ў Расеі расьце пазытыўнае і нэўтральнае стаўленьне да Сталіна. Паводле Гудкова, цяпер Сталін лічыцца найвялікшай фігурай ў расейскай гісторыі, абыходзячы нават такіх гістарычных асобаў як Пётр І ці Аляксандар Неўскі.

Дзяржаўныя мэдыі ладзяць «упартае і пасьлядоўнае павольнае атручэньне грамадзкай думкі» на карысьць Сталіна і камуністычнай сыстэмы.

«Я б сказаў, што побач з ростам пазытыўных ацэнак Сталіна расьце і абыякавасьць, — кажа Гудкоў. — найперш скарачаецца колькасьць тых, хто ставіцца нэгатыўна, то бок сьвядомых антысталіністаў і антыкамуністаў. Уласна на гэта і скіраваная прапаганда».

Плякат зь Леніным і Сталіным на сходзе камуністаў у Крыме 15 красавіка 2015 году

Плякат зь Леніным і Сталіным на сходзе камуністаў у Крыме 15 красавіка 2015 году

Паводле сакавіцкага апытаньня Левада-цэнтру, 37 працэнтаў расейцаў ставяцца да Сталіна цалкам ці пераважна пазытыўна, 29 працэнтаў абыякава, а толькі 25 працэнтаў пераважна ці цалкам адмоўна. Трыццаць дзевяць працэнтаў адказалі, што яны ставяцца да Сталіна з павагай ці сымпатыяй ці захапленьнем, 30 працэнтаў ня маюць эмацыйнага стаўленьня, у той час як 20 працэнтаў адказалі, што ставяцца да яго зь нянавісьцю, пагардай, непрыязнасьцю ці страхам.

Аналітыкі кажуць, што ўсхваленьне савецкага досьведу гэта спосаб справіцца з траўмай сталінізму. Гэта таксама першы крок да аднаўленьня дамінацыі рэпрэсіўнай дзяржавы, якая магла б разбурыцца, калі б цалкам былі выкрытыя яе злачынствы супраць савецкага народу.

Камунізм як лек ад пакутаў, спароджаных камунізмам

Брытанскі гісторык Арланда Фігэс піша, што «ідэя агульнай савецкай мэты... дапамагала людзям справіцца са сваімі пакутамі, надаючы сэнс іх жыцьцю праз тую ролю, якую яны адыгрывалі ў змаганьні за савецкі ідэал». Гэткім жа чынам тыя, хто удзельнічаў у злачынствах сталінізму, атрымлівалі псыхалягічнае апраўданьне.

Савецкая роля ў Другой Ўсясьветнай вайне — ці ў Вялікай Айчыннай вайне, як яе называлі ў СССР — асабліва магутная ў гэтым сэнсе, піша гісторык.

Фігэс адзначае, што Дзень перамогі, 9 траўня, нават ня быў сьвятам у Савецкім Саюзе да 1965 году, калі Леанід Брэжнеў узяў апарат кіраваньня пад кантроль пасьля частковай дэсталінізацыі ў часы «адлігі» пры Мікіце Хрушчове.

Менавіта ў той час, разам з пампэзнымі вайсковымі парадамі на Краснай плошчы, часткай афіцыйнай ўрадавай дактрыны стала ідэя, што калектывізацыя, масіўная індустрыялізацыя, тэрор і палітычныя рэпрэсіі былі неабходным падмуркам савецкай перамогі ў вайне.

Ігар Кулік, дырэктар дзяржаўнага архіву Службы бясьпекі Ўкраіны, падкрэсьлівае, што новыя законы не забараняюць ніякую ідэалёгію і не забараняюць ніякія палітычныя партыі.

«Гаворка ідзе пра асэнсаваньне мінулага, — кажа ён. — некаторыя кажуць, што мы адкідаем 70 гадоў гісторыі. Але ніхто не адкідае гісторыю, яе трэба дасьледаваць і вывучаць. Але мы ня можам падаваць гэтую гісторыю на савецкіх клішэ ўзьвялічваньня».

Украіна без асаблівага посьпеху спрабавала розныя формы дэкамунізацыі ад часу набыцьця незалежнасьці. Цяперашняя спроба — падтрыманая патрабаваньнямі абуджанага Майданам грамадзтва і наступствамі канфлікту з Расеяй — можа прывесьці да іншых вынікаў.

«Гэтыя законы не паставілі кропку, — кажа Ўладзімір Цілішчак, намесьнік дырэктара Інстытуту нацыянальнай памяці Ўкраіны. — Яны толькі адкрылі шлях да поўнай дэкамунізацыі, да поўнага пераадоленьня наступстваў таталітарнага рэжыму ва Ўкраіне».

XS
SM
MD
LG