Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скасаваньне ў законе «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» для прэтэндэнтаў абавязковай нормы папярэдняга грамадзянства СССР істотна пашырае колькасьць людзей, якія могуць скарыстацца спрошчанай працэдурай атрыманьня беларускага пашпарта.

Скасаваньне ў законе «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» для прэтэндэнтаў абавязковай нормы папярэдняга грамадзянства СССР істотна пашырае колькасьць людзей, якія могуць скарыстацца спрошчанай працэдурай атрыманьня беларускага пашпарта. Датычыцца гэта найперш асобаў з этнічнымі беларускімі каранямі. Згодна з новымі правіламі, на разгляд справы заяўніка ўладам адводзіцца тры месяцы.

Цяперашняе заканадаўства прадугледжвае два варыянты набыцьця беларускага грамадзянства — звычайны і спрошчаны. Паводле звычайнага прэтэндэнт мусіць абавязкова пражыць ня менш як сем год на тэрыторыі Беларусі. У спрошчаным варыянце такой нормы няма. Але каб падпасьці пад спрошчаную працэдуру, неабходна абавязкова мець у мінулым грамадзянства СССР.

2 красавіка Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні скасавала норму пра абавязковае папярэдняе савецкае грамадзянства. І гэта, як заявіў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, у пэрспэктыве значна павялічвае колькасьць людзей, якія могуць скарыстацца спрошчанай працэдурай.

«Традыцыйны спосаб набыцьця беларускага грамадзянства абавязкова ўключае ў сябе сем гадоў пражываньня на тэрыторыі Беларусі», — тлумачыць Свабодзе начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун:

«Гэта адна з самых галоўных умоў. Рашэньне аб хадайніцтве такіх асобаў на беларускае грамадзянства прымаецца прэзыдэнтам. І сыстэма разгляду пытаньня трохі адрозьніваецца ад спрошчанай працэдуры.

У спрошчанай працэдуры час разгляду справы рэглямэнтуецца законам і складае тры месяцы».

«Прэтэндэнты на спрошчаную працэдуру абавязкова мусяць прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх беларускія карані», — адзначае Аляксей Бягун:

«Гэта, напрыклад, пасьведчаньне аб нараджэньні, нейкія выпіскі з працоўнай кніжкі. Магчымыя і некаторыя іншыя дакумэнты — напрыклад, царкоўныя альбо архіўныя запісы. То бок пытаньне доказу заяўнікам сваіх этнічных каранёў альбо сталага пражываньня раней на тэрыторыі Беларусі адносіцца да кампэтэнцыі заяўніка».

Пакуль новы законапраект аб беларускім грамадзянстве прыняты ў першым чытаньні. «Як хутка яго могуць разгледзець у другім чытаньні?» — спытаў я сёньня намесьніцу старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Тамару Красоўскую. Яна адказвае, што пакуль назваць дакладную дату цяжка, але выглядае, што законапраект не запатрабуе істотнай дапрацоўкі:

«Гэта вельмі станоўчы законапраект. Ён істотна спрашчае набыцьцё беларускага грамадзянства. Згодна з тэхнічнай працэдурай праходжаньня законапраектаў, рыхтуючыся да другога чытаньня, мы разаслалі яго ў розныя інстанцыі. І, што цікава, пакуль мы не атрымалі ніводнай адмоўнай заўвагі. Мы лічым, што гэты законапраект сапраўды ўдасканалены».

Аляксандар Лукашэнка кожны квартал падпісвае ўказ аб набыцьці замежнымі грамадзянамі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Звычайна ў такім указе прыкладна 100 прозьвішчаў. Пераважна хадайнічаюць аб набыцьці беларускага грамадзянства людзі, якія нарадзіліся на тэрыторыі былога СССР. «Цяпер акцэнт, зь вядомых усім прычын, перамясьціўся ва Ўкраіну», — казаў міністар Шуневіч пры абмеркаваньні законапраекту «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».

XS
SM
MD
LG