Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі год раблю сябрам журы прэміі Ежы Гедройця. Чытаю дзясяткі кніг прозы, нешта адкрываючы, а нешта назаўсёды закрываючы для сябе.

Вось жа, занятак вельмі карысны: паўстае шырыня й далягляд усёй беларускай прозы, а ня толькі дзесяць-пятнаццаць імёнаў, якія на слыху. Шкада толькі, што рэцэнзіяў і аналітыкі дачэкваецца мізэрны працэнт намінантаў. І летась, і сёлета я пісаў «нататкі на палях» усіх кніжак, досыць ляпідарныя й даволі суб’ектыўныя. Так склаўся цэлы стос запісаў пра кнігі, многія з якіх ня трапілі нават у лонг-ліст, прэміяльную дванаццатку — у выніку супадзеньня ці несупадзеньня густаў сябраў журы і халоднасьці калькулятара, які падлічвае балы. Але гэта зусім не азначае, што кнігі бяздарныя й гаварыць пра іх ня варта. Як казаў Семяжон пра княжаньне Вітаўта — «разьбяромся».


Аляксей Талстоў. Валацугі. — Вільня: 34mag. net / «Логвінаў»

Талстоў — адзін з найпэрспэктыўнейшых «лейтэнантаў неба». Я спрабаваў чытаць яго папярэднія два раманы, але да сярэдзіны Дняпра не даплыў; такое адчуваньне, што пасьля кожнага (і вельмі нядрэнна зробленага) абзацу ў яго прабел сантымэтраў шэсьць. Таму чытаць надзвычай цяжка: зьвязка адсутнічае і змазка. Але ў «Валацугах» троху з’іначаны прынцып пабудовы: тут колькі дзясяткаў гісторыяў, што складзены ў адну, зь лірычнымі адступамі й забяганьнямі. Стыль у Талстова нэўтральны, тут увогуле няма ніякіх параўнаньняў, мэтафараў, сынэкдахаў, цытатаў і алюзіяў. Нулявая ступень пісьма. Лексыка агульнаўжывальная — найбольш сьцёртыя словы плюс слэнг. Аповед — апісальны плюс экзыстэнцыйныя экзэрсісы аўтара. Аўтабіяграфічныя «Валацугі» трымаюцца на фантастычна насычаным індыйска-нэпальскім наркаманска-падарожніцкім досьведзе, а пра Беларусь тут амаль нічога няма. Кніга чыталася доўга, з тыдзень, але не шкадую. Хутчэй за ўсё, я яе некалі перачытаю. Такія змрочныя, спакойныя, ашчадныя на словы, мэтанакіраваныя аўтары мне падабаюцца.


Рома Сьвечнікаў. Рома едзе. Кніга I. — Вільня: 34mag. net / «Логвінаў»

Кніжка Сьвечнікава як быццам вельмі падобная да папярэдняй (адно выдавецтва, той жа травэлёг, амаль тая самая мэтавая аўдыторыя), але гэта толькі на першы погляд. «Рома едзе» — гэта ня проза, а праектная журналісцкая кніжка. Пакінуўшы ў баку кулюарныя інсынуацыі пра рускамоўны арыгінал кнігі, важнейшы тут сам учынак і experience мальца, які выпраўляецца ў падарожжа вакол сьвету амаль без кап’я. Важнейшыя тут клёвыя фоткі і відосы. Важнейшыя апісаньні й адчуваньні падарожніка-нэафіта. А не празаічны згустак словаў і літараў, пераплеценых у найлепшым парадку. Кніжка, прачытаная за тры гадзіны, мяне расчаравала, бо за праектам на сайце я трошкі сачыў. Сабраныя пад вокладку тэксты падаліся даволі бляклым храналягічным занатоўваньнем падзей, і калі б не фірмовы 34-магаўскі разьняволены слэнг з інфільтрацыяй разважаньняў пра тое, як аўтара «накрывае» свабода, то было б зусім сумна.

Аляксей Палачанскі. Мой цьвік. — Менск: «Галіяфы»

Кніга ляўрэата прэміі «Дэбют» імя Багдановіча чамусьці ня трапіла нават у лонг-ліст. Мне збольшага спадабаўся зборнік апавяданьняў Палачанскага, але не майстэрствам пабудовы сюжэту альбо нечаканымі стылістычнымі эскападамі, а хутчэй сваёй «слабой прасмажанасьцю». Мова нібы накульгвае, імкнучыся пазбавіцца баналізацыі. Тут усё, як у кратары вулкана, кіпіць і бурболіць, льецца то ўправа, то ўлева: сырая неаформленая проза, дзе можна знайсьці геніяльныя празарэньні сярод неабавязковага гону. Нейкая зухаватая добрая пальнутасьць і фантасмагарычнасьць неверагодным чынам спалучаецца тут з апавядальнай традыцыяй клясычнай беларускай прозы, хоць ярка праяўленых «папярэднікаў» тут не назіраецца. Проста ёсьць экспазыцыя, завязка, кульмінацыя і разьвязка. Немалая навізна па сёньняшнім часе! Вельмі цікава, ува што гэта ўсё выльецца, хоць даты пад тэкстамі гавораць пра немалыя паўзы паміж апавяданьнямі.

Уладзімер Мажылоўскі. Праклён мітрапаліта Феафіла. — Менск: Выдавецкі дом «Звязда»

Кніга 54-гадовага дэбютанта сама па сабе ня ёсьць нечым экстраардынарным — такога ў сучасным беларускім кнігавыданьні хапае. Гістарычная проза. Маскалі і нашы пацаны. XVI-XVII стагодзьдзі. Нашы, канечне, у кожнай аповесьці будуць «страляць з-пад рукі, скідаць цягнікі», паводле несьмяротнага сьцьверджаньня Лявона Вольскага. Кахаць дзяўчат невераемнай прыгажосьці, гінуць у бітвах з подлымі маскоўскімі апрычнікамі і военачальнікамі. І, дарэчы, як бэлетрыстыка, жанравая кніжка для электрычкі ці нудотнай пары на першым курсе — самае тое. Але ўсё ж не пакідае трывалае ўражаньне, што аўтар безнадзейна спазьніўся на свой цягнік, бяжыць за ім з усяе свае моцы, аднак фатальна не пасьпявае. З такімі кнігамі дэбютаваць трэба ў 30. Была б не абы-якая будучыня і талент (а ён безумоўна адчуваецца) мог бы нармальна раскрыцца. Правінцыя зжэрла яшчэ аднаго магчымага «Сянкевіча і Караткевіча», зжэрла, хоць у дачыненьні да Мажылоўскага ў холдынгаўскіх выданьнях гэтыя параўнаньні гучаць менавіта цяпер.

Алена Беланожка. Чамадан з кракадзілавай скуры. Аповесьць. — Менск: Выдавецкі дом «Звязда»

Кніжка для тых, хто любіць беларускамоўных балбатух. Можна аднесьці ў загадкавы для мяне жанр «проза для падлеткаў». Лайт-вэрсія прыгодніцкага раману на сучасным матэрыяле. Заляцаньні, інтрыгі, піцэрыі, прадусарскія цэнтры, дзьверы ў якія дзяўчына адчыняе нагой. Лёгкі флірт, крымінал і іншае ля-ля-ля. Стыль лёгенькі, плывеш па старонках, як радыё слухаеш, але ў выніку, недзе на чвэрці кнігі, узьнікае неадольнае пытаньне — WTF, начорта я гэта чытаю?


Заканчэньне будзе



XS
SM
MD
LG