Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія актывісты кажуць «Начным ваўкам»: «Прэч з нашай зямлі!»


Камітэт салідарнасьці з Украінай заклікаў улады забараніць на тэрыторыі Беларусі ўсе мерапрыемствы, якія плянуе правесьці скандальна вядомы расейскі байкерскі клюб «Начныя ваўкі».

Грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька распавяла Радыё Свабода, што падчас учорашняга паседжаньня Камітэту салідарнасьці з Украінай быў зацьверджаны зварот да генпракурора, міністра ўнутраных спраў і Адміністрацыі прэзыдэнта:

«Мы патрабуем, каб забаранілі ўезд у Беларусь гэтаму байкерскаму клюбу „Начныя ваўкі“, забаранілі гэты мотапрабег і наагул усе мерапрыемствы, у якіх яны зьбіраюцца ўдзельнічаць на тэрыторыі Беларусі ў сувязі са сьвяткаваньнем Дня Перамогі. Гэтыя байкеры — актыўныя ўдзельнікі дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, яны ўдзельнічалі ў анэксіі Крымскага паўвострава, дапамагаюць экстрэмістам ДНР і ЛНР на тэрыторыі Ўкраіны, сябры гэтай арганізацыі былі задзейнічаныя ў бойках, у тым ліку са зброяй. Хто ведае, можа, такія ж рэчы могуць адбывацца і на тэрыторыі нашай краіны? Гэта пагроза нашай бясьпецы. Мы вельмі незадаволеныя, што гэты мотапрабег „На Бэрлін!“ будзе праходзіць празь Менск і Берасьце».

Шапуцька адзначыла, што Камітэт салідарнасьці заклікае беларусаў пратэставаць супраць візыту клюбу «Начныя ваўкі» ў любым фармаце.

«Магчымыя і нейкія вулічныя акцыі: вывесіць транспарант ці расьцяжку, ці проста падысьці да іх і выказацца, ці яшчэ нешта. Але ж мы разумеем, што мы (Камітэт салідарнасьці з Украінай. — РС) не такія моцныя, каб супрацьстаяць гэтаму байкерскаму клюбу, каб зрабіць нейкую моцную акцыю, дый часу ўжо няшмат. Таму мы робім тое, што можам зрабіць — гэта зварот і падпісаньне пэтыцыі, якую мы накіравалі на адрас гэтага байкерскага клюбу. Мы б хацелі, каб яны бачылі, што ёсьць людзі, якія пратэстуюць супраць іх мотапрабегу па нашай тэрыторыі і наагул пратэстуюць супраць іх дзейнасьці», — падкрэсьліла грамадзкая актывістка.

Пэтыцыя, пра якую ўзгадвае Ганна Шапуцька, разьмешчана ў інтэрнэце на плятформе change.org.

«Начныя ваўкі», беларусы ня хочуць бачыць вас на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, асабліва ў перадсьвяточныя дні 70-годзьдзя перамогі над фашыстамі. Вы памагатыя такіх жа акупантаў, якіх нашы продкі не аднойчы выганялі зь беларускай зямлі. Акупацыя Крыму, вайна на Данбасе, стварэньне тэрарыстычных арганізацыяў ДНР і ЛНР, кроў тысяч забітых і параненых украінцаў у тым ліку і на вашым сумленьні. Вы несяце пагрозу міру, пагрозу нашай Беларусі, вы несяце вайну. Мы кажам: «Не — вайне! Не — „Начным ваўкам“ у Беларусі! Прэч з нашай зямлі!», — гаворыцца ў пэтыцыі.

XS
SM
MD
LG