Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякі» твар Пуціна


Расейскі палітоляг Георгій Сатараў у інтэрвію Свабодзе пра майстэрства прафэсійнага выведніка Ўладзімера Пуціна хаваць свае думкі.

Самая сумная прамая лінія прэзыдэнта Расеі за апошнія гады, — такую ацэнку дае палітоляг, кіраўнік Фонду «ІНДЕМ» Георгій Сатараў, ацэньваючы амаль 4-гадзіннае шоў Уладзімера Пуціна 16 красавіка. Зрэшты, гэта не азначае, што сумны сам расейскі прэзыдэнт, проста пастановачнае дзейства, якое ўбачыла на гэты раз Расея, не мае ніякага дачыненьня да рэальнасьці, дадае ён.

— У часе 13-й па ліку прамой лініі Ўладзімера Пуціна, якая прайшла на фоне чутак пра яго дрэннае здароўе, пагаршэньне зьнешнепалітычнай і эканамічнай сытуацыі, усе чакалі, што ён скажа нешта яркае хаця б па адной з гэтых праблем. Чаму не сказаў?

— Наогул увесь пастановачны характар гэтага мерапрыемства быў зьвязаны менавіта зь цяжарам сытуацыі і нежаданьнем Пуціна закранаць вострыя пытаньні. Таму сюжэт быў выбудаваны так: тое, што магло быць зьвязана з хоць нейкай «вастрынёй», ён загадзя ўключыў у сваю прамову. Гэта нагадвала фільм «Кубанскія казакі» — але куды больш сумна! І таму, калі яму трапляліся нейкія вострыя пытаньні, ён адказваў, што, маўляў, ужо гэта ўжо закранаў, і пераключаўся на іншыя тэмы. Агульнае ўражаньне — як мага менш энэргетыкі, менш вастрыні. Пуцін на гэты раз быў нейкі «вялавата-дабраваты», гэта выявілася ў некалькіх сюжэтах. Але па сутнасьці ўсё было вельмі сумна і нецікава. Хаця і раней яго прамыя лініі былі гранічна неінфарматыўныя. У кнізе «Ад першай асобы» Пуцін пісаў: «Язык дадзены выведніку для таго, каб хаваць свае думкі». Чым ён 15 гадоў і займаецца! У гэтым сэнсе яго адказы ў прынцыпе не маглі быць цікавымі з палітычнага пункту гледжаньня. Калі гэта і было цікава, то толькі псыхалягічна — як нейкі зьлепак яго самавыяўленьня, яго псыхалягічных праблем і гэтак далей. А тут і гэтага не здарылася.

— Усе заўважылі, што на гэты раз прэзыдэнт Расеі пастаянна ў адказ на любое пытаньне сыпаў лічбамі. Гэта разнавіднасьць гіпнозу, каб хаваць становішча справаў, хаваць свае думкі?

— Не, гэта троху іншае. Пуцін і раней гэта любіў, цяпер проста было больш нарыхтаваных пытаньняў, паколькі, як я ўжо адзначыў, усё гэта была тэатральная пастаноўка, да якой лёгка рыхтавацца, і ў дзень «прэм’еры» часьцей выкарыстоўваць гэты немудрагелісты прыём. А агульная мэта — паказаць, як ён усё кантралюе, як добра ўсё ведае, што ён па-ранейшаму — унівэрсальны і эфэктыўны дэміург. Так што гэта таксама частка шоў.

— Што тычыцца Ўкраіны: ніякіх «ДНР» і «ЛНР», ніякай, барані Божа, «Наваросіі». Пуцін казаў пра Ўкраіну выключна як пра цэлую Ўкраіну. Гэта таксама паказчык?

— Тут няма нічога новага, такая тэрміналёгія ўжо зьнікла з актыўнага ўжытку, і таму гэта мяне зусім не зьдзівіла. Адзінае, усё адзначылі, што пры любым выпадку Пуцін карыстаўся магчымасьцю неяк зьлёгку патаптацца і паскакаць на якасьцях цяперашняга ўкраінскага кіраўніцтва. Але, зноў жа падкрэсьлю: раз булькае, то можа і прарывацца.

— За апошнія некалькі гадоў мы ўжо бачылі столькі твараў Уладзімера Пуціна, што ў іх заблыталіся. Які твар Пуціна ўбачылі вы?

— Твар ўнівэрсальны — пад назвай «ніякі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG