Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка назваў забойствы ў Кіеве «сьвядомай правакацыяй» і запатрабаваў расьсьледаваньня


У журналіста Алеся Бузіну маглі страляць з машыны зь беларускімі нумарамі.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка запатрабаваў хуткага і празрыстага расследавання забойстваў журналіста Алеся Бузіны і экс-дэпутата Рады, сябра Партыі рэгіёнаў Алега Калашнікава.

Паводле Парашэнкі, відавочна тое, што гэтыя злачынствы — падзеі аднаго шэрагу, сьвядомая правакацыя, накіраваная на дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і дыскрэдытацыю палітычнага выбару ўкраінскага народа.

Месца забойства Бузіны
Месца забойства Бузіны

Алесь Бузіна, які нядаўна пакінуў пасаду шэф-рэдактара газэты «Сёньня», быў застрэлены ў Кіеве ў чацьвер днём у двары ўласнага дома. Стралялі з машыны. Аўтамабіль шукаюць.

Як напісаў у Фэйсбуку дарадца кіраўніка МУС, народны дэпутат Антон Герашчанка, нумары на гэтай машыне «былі латвійскія ці беларускія, але дакладна не ўкраінскія».

Дарадца міністра не выключае, што працягваецца, як ён выказаўся, «адстрэл сьведак па справе Антымайдану».

Алесь Бузіна быў вядомы сваімі правакацыйнымі украінафобскімі заявамі ў СМІ і публічнымі скандаламі. Ён аўтар кніг «Ваўкалак Тарас Шаўчэнка», «Тайная гісторыя Украіны-Русі», «Уваскрашэньне Маларосіі» і іншых.

Алег Калашнікаў
Алег Калашнікаў

Былы дэпутат парламента Украіны ад Партыі рэгіёнаў Алег Калашнікаў вядомы як адзін з арганізатараў Антымайдану, быў забіты 15 красавіка ўвечары каля пад’езду свайго дома ў Кіеве. Крымінальную справу распачалі па артыкуле «наўмыснае забойства». Міліцыя будзе разглядаць вэрсіі забойства па палітычных матывах, з-за бізнэсу, на глебе асабістай няпрыязі, а таксама забойства з мэтай рабаваньня, перадае РБК.

Сьледзтва не выключае, што за двума гэтымі забойствамі могуць стаяць адны і тыя ж людзі, — паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін у чацьвер падчас «прамой лініі» з расейцамі заявіў, што забойства журналіста Бузіны — «гэта ня першае палітычнае забойства» ва Ўкраіне, але ні выканаўцы, ні замоўцы злачынстваў невядомыя, і гэта, як адзначыў расейскі прэзыдэнт, «не заўважаюць ні ў Эўропе, ні ў Паўночнай Амэрыцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG