Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абломкі зьбітага «Боінга» раздорваюць на сувэніры


Ад Масквы патрабуюць тлумачэньня з нагоды увезенага ў Расею з Украіны фрагмэнта зьбітага пад Данецкам «Боінга».

«Актывісты Ейскага раённага аддзяленьня Ўсерасейскай грамадзкай арганізацыі „Баявое братэрства“ вярнуліся нядаўна з паездкі ва Ўкраіну, куды адвезьлі чарговую партыю гуманітарнай дапамогі сабранай для жыхароў ДНР», — гаворыцца ў мясцовай газэце «Савет Прыазоўя». Артыкул быў апублікаваны 2 красавіка, яе аўтару Ірыне Бойцы актывіст «Баявога братэрства», выведнік памежных войскаў і аўганскі вэтэран Аляксандр Шабаноў распавёў пра перадачу абломка: «У падзяку за пастаўленыя прадукты, адзеньне і мэдыкамэнты жыхары пасёлка Рассыпное перадалі яйчанам фрагмэнт малайзійскага „Боінга 777“, які пацярпеў крушэньне над Шахцёрскім раёнам летась у ліпені».

На фатаграфіі, якая ілюструе артыкул, Шабаноў, як мяркуецца, трымае ў руках абломак «Боінга» — прадмет з надпісам Malaysia і лягатыпам авіякампаніі. На сьцяне за сьпіной Шабанова шыльда «Расейская Фэдэрацыя» і «Баявое братэрства». Сам Аляксандр Шабаноў адмовіўся даваць камэнтар Радыё Свабода і растлумачыць, чаму гэты фрагмэнт самалёта ня быў перададзены групе сьледчых.

Аўтар публікацыі Ірына Бойка абмовілася, што жыхары Рассыпнога захоўвалі яго, магчыма, як сымбаль памяці:

— Жыхары жывуць вельмі дрэнна, іх жыцьцё нікога не цікавіць. Гэта адзінае, чым яны змаглі аддзячыць яйчанам за гуманітарную дапамогу. Магчыма, яны дзесьці захоўвалі гэты абломак як сымбаль памяці аб загінуўшых. Гэта сымбаль трагічнасьці гісторыі, непрадказальнасьці яе, рэзкіх паваротаў у жыцьці, гэта сымбаль памяці пра мірных людзей, якія загінулі ў небе над ваюючай Украінай. Для мяне нічога дзіўнага ў гэтым няма.

Расейскія ўлады інфармацыю аб перадачы фрагмэнта самалёта не камэнтавалі.

Даведаўшыся аб плянах выставіць абломак «Боінга» ў неіснуючым яшчэ пакуль музэі «Баявога братэрства», парлямэнтарыі з кіруючай у Нідэрляндах «Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю» запатрабавалі ад міністра замежных спраў Бэрта Кундэрса неадкладна зьвязацца з расейскімі ўладамі. Тыя павінны растлумачыць інцыдэнт у Ейску. Па тоне публікацыі абломак характарызуецца ў газэце як ваенны трафэй. Паводле нідэрляндзкага дэпутата Хана тэ Брукэ, гаворка ідзе пра непавагу да загінулых у авіякатастрофе.

Прэс-сакратар «Баявога братэрства» Аляксей Салаўёў пацьвердзіў, што абломак будзе выстаўляцца ў яшчэ ня створаным музэі арганізацыі, але сказаў, што фрагмэнт увесь год знаходзіўся на месцы падзеньня.

14 красавіка, Нідэрлянды аднавілі працу на месцы крушэньня «Боінга», у раёне пасёлка Петрапаўлаўка. Ідзе пошук сьлядоў ДНК дваіх пасажыраў, чые парэшткі яшчэ ня знойдзеныя, а таксама абломкаў і асабістых рэчаў, якія застаюцца на месцы крушэньня. Пошукі былі перапыненыя летась у лістападзе, бо ў раёне падзеньня абломкаў самалёта тады было занадта небясьпечна працаваць з-за ваенных дзеяньняў. На борце «Боінга» Malaysia Airlines, які пацярпеў крушэньне летась 17 ліпеня, знаходзілася 298 чалавек — усе загінулі.

XS
SM
MD
LG