Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіджа Ісмаілава атрымае прэстыжную прэмію «Свабода пісаць»


Хадзіджа Ісмаілава ў 2012 годзе.
Хадзіджа Ісмаілава ў 2012 годзе.

Прэмія імя Барбары Голдсміт уручаецца штогод амэрыканскім ПЭН-цэнтрам пісьменьнікам і журналістам, што знаходзяцца ў турме або перасьледуюцца за сваю працу.

Журналістка Ісмаілава знаходзіцца цяпер у зьняволеньні. Яна працавала для азэрбайджанскай службы нашага радыё і стала вядомай сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі праяваў карупцыі ў колах сям’і прэзыдэнта Аліева. У прыватнасьці, яна пісала пра зьдзелкі вакол будаўніцтва аб’ектаў да конкурсу Эўрабачаньня, які праходзіў у баку ў 2012 годзе, крытыкавала сытуацыю з правамі чалавека ў краіне.

У сьнежні мінулага году Ісмаілаву арыштавалі па падазрэньні, што яна давяла да спробы самазабойства былога супрацоўніка радыёстанцыі. На мінулым тыдні гэты супрацоўнік — Турал Мустафаеў — зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру Азэрбайджану з заявай, што адклікае свой пазоў супраць Ісмаілавай і хоча зь ёй памірыцца. Аднак сьпіс прэтэнзій да журналісткі яшчэ перад гэтым падоўжыўся: яе абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, нелегальным прадпрымальніцтве і злоўжываньні службовым становішчам. Ісмаілава і міжнародныя праваабаронцы называюць гэтыя абвінавачваньні палітычна сканструяваным перасьледам.

Тэрмін зьняволеньня Ісмаілавай быў працягнуты да 24 траўня. І з турмы яна працягвае пісаць, расказваючы ў лістах на свабоду пра мэтады яе ўтрыманьня ў адзіночцы і працягваючы крытыкаваць уладу Аліева.

«Яна сапраўды бясстрашная, — адзначае Сюзан Носэл, выканаўчы дырэктар амэрыканскага ПЭН-цэнтру ў інтэрвію газэце New York Times. — Гэта тое, што робіць яе асобу выключнай. Яе сапраўды нельга прымусіць замаўчаць».

Цырымонія ўручэньня прэміі заплянаваная на наступны месяц у Нью-Ёрку. Раней яе атрымалі ўжо 39 чалавек, пасьля гэтага 34 зь ляўрэатаў былі вызваленыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG