Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне ў сьвятло


Апошнія гадоў пяць нашы тэлефонныя размовы пачыналіся аднолькава: «Айцец Аляксандар, добры дзень. Як Вы, як здароўе?» — «Дзякую, добра, хворы і хвароба мая невылечная — старасьць...» І ён заліваўся сваім непаўторным сьмехам. А калі мы заходзілі ў ягоны ўлюбёны італьянскі рэстаранчык на High Road у Фінчлі, на пытаньне гаспадара «Come stai, padre?» ён нязьменна адказваў з тым самым сьмехам: «Ancora vivo!» — «Яшчэ жывы!»

Айцец Аляксандар не баяўся таго дня, калі Бог пакліча яго да сябе. Апошні раз мы бачыліся 15 сакавіка, за месяц да ягонага адыходу. Ідучы да яго, я баяўся трапіць у атмасфэру паміраньня, баяўся ўбачыць гэтага некалі моцнага, аўтарытэтнага, амаль усяўладнага ў беларускім Фінчлі чалавека прыкаваным хваробай да ложка, прыгнечаным, адсутным, абыякавым да справаў гэтага сьвету. На маё зьдзіўленьне, мяне сустрэў чалавек, які нібы скінуў зь сябе зямны цяжар — мы гаварылі зь ім каля гадзіны, і з твару ў яго не сыходзіла сьветлая ўсьмешка.

Айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, 15 сакавіка 2015 году

Айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, 15 сакавіка 2015 году

Мы гаварылі і прыгадвалі ўсе прыемныя навіны апошняга часу — выхад кніг, навуковыя праекты, грамадзкія ініцыятывы — і айцец паўсюль знаходзіў нагоду некага пахваліць, за некага парадавацца. Пахваліўся і сваёй кнігай, нядаўна выдадзенай у выдавецтве «Кнігазбор», і перакладам «Псальмаў». Нібы склаўшы сам сабе справаздачу, падсумаваўшы зробленае, сказаў: усё што мог — зрабіў, цяпер можна спакойна і да Бога выпраўляцца.

Але нават гэтая сьветласьць адыходу айца Аляксандра не заслоніць адчуваньня вялікай страты. Беларускі Лёндан ужо ніколі ня будзе такім, якім ён быў апошніх паўстагодзьдзя.

Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, чэрвень 2014 году

Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, чэрвень 2014 году

Сьмерць дарагіх людзей — якой бы блізкай і немінучай яна ні была — заўсёды прыходзіць нечакана, а згадкі пра памерлых рука не паднімаецца пісаць загадзя, каб у смутны дзень проста дастаць і апублікаваць гатовы тэкст. Таму я абмяжуюся адным эпізодам — які я не баюся назваць адной з самых незвычайных і шчасьлівых падзеяў у жыцьці айца Аляксандра, а заадно і ў маім.

...Прыехаўшы працаваць у Прагу летам 1997-га я ўпершыню дарваўся да неабмежаванага інтэрнэту, і адным зь першых зьвязаных з гэтым здарэньняў было тое, што ў каталёгу лёнданскага аўкцыёну Christie’s я знайшоў выстаўленую на продаж кнігу Скарыны — нідзе не апісаны невядомы навуцы асобнік за сьмешную цану 4000 фунтаў. Я тут жа даслаў арганізатарам заяўку і ў нейкім невытлумачальным «патрыятычным» парыве зьвязаўся з загадчыцай Аддзелу рэдкіх выданьняў Нацыянальнай бібліятэкі Тацянай Рошчынай. Яна зрабіла неабходныя захады, і выявілася, што ў справе набыцьця кнігі перад галоўнай бібліятэкай краіны стаяць неадольныя бюракратычныя перашкоды. Тады мой патрыятычны туман разьвеяўся, я затэлефанаваў айцу Аляксандру, і ён адразу сказаў: «Бярэм! Прыяжджай!»

Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, сьнежань 1997 году

Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, сьнежань 1997 году

(Рэч у тым, што Скарынаўская бібліятэка да таго часу ня мела ніводнага арыгінальнага Скарынавага выданьня, апрача чатырох асобных старонак Першай кнігі царстваў, якія айцец Аляксандар купіў у 1975 годзе на аўкцыёне Дзягілева ў Монтэ Карла. А як жа Скарынаўская бібліятэка — без Скарынавых кніг...)

У Christie’s я паехаў адразу зь лётнішча, там мы з айцом Аляксандрам зайшлі нейкім бакавым уваходам у офіс, дзе ўсе фармальнасьці занялі лічаныя хвіліны. Айцец быў нечакана ўражаны цаной — па тэлефоне ён мяне недачуў і на ўсялякі выпадак падрыхтаваў 20 тысячаў... З аўкцыёну з кнігай у руках мы йшлі ледзь не падскокам. Па дарозе ў бібліятэку зайшлі ў рэстаран (вядома ж, італьянскі!) і адзначылі надзвычайную падзею грапай. Сказаць, што айцец Аляксандар быў на сёмым небе, было б вялікім прымяншэньнем.

Празь нейкі год пасьля таго мы з айцом Аляксандрам замацавалі посьпех — купілі ў праскім антыкварыяце на Карлавай вуліцы чэскую Вэнэцыянскую біблію 1506 году, якая была адной з галоўных крыніцаў Скарынавага перакладу.

На жаль, у набытай на аўкцыёне Скарынавай кнігі быў нешчасьлівы лёс, але пра гэта я сёньня пісаць ня буду — і з айцом Аляксандрам мы на гэтую балючую тэму ніколі не гаварылі.

Некалі, ужо дажыўшы «сьпелых» гадоў і пазбавіўшыся юнацкай самаўпэўненасьці, я задумаўся — каго ў сваім жыцьці я магу назваць сваімі настаўнікамі — і ў мяне выйшаў сьпіс зь пяці чалавек, у якім сваё важнае месца займае айцец Аляксандар Надсан. Ён, матэматык з адукацыі, даў мне першыя лекцыі інфарматыкі і абыходжаньня з кампутарам, ён быў неацэнным кансультантам у дарагой мне справе біблійнага перакладу, ён адкрыў мне сьвет міжземнаморскай кухні, навучыў глядзець на сьвет з добрым скептыцызмам і упэўненасьцю ў добрай будучыні для Беларусі. «Калі Бог стварыў Беларусь і беларусаў зь іх мовай — значыць так яно і трэба. І так яно й будзе», — казаў ён.

Так яно й будзе.

XS
SM
MD
LG