Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адказаць на «русский мир»


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Ці патрэбная ў Беларусі дэкамунізацыя? Дакладней – забарона прапаганды камунізму.

Калі трымацца дэфініцыі, у нас даўно нікога не хвалююць ідэі сацыяльнай роўнасьці і грамадзкай уласнасьці на сродкі вытворчасьці. Прапагандуй – не прапагандуй. Гаворка ідзе пра сымболіку камунізму і камуністычных дзеячоў. Але ж практыка і ўкраінскія падзеі паказалі, што і сымбалі, і асабліва дзеячы насамрэч ніякія не камуністычныя. З таго, як істэрычна ставяцца ў Расеі да ленінападу ва Ўкраіне, можна зрабіць выснову, што Ленін, а зь ім усе гэтыя калініны, дзяржынскія ды іншыя мясьніковы – неад’емныя атрыбуты «русского мира». І разьвітаньне зь імі не называюць сваім імем – дэрусіфікацыяй – толькі для таго, каб не дражніць гусей. Бо дэрусіфікацыя патрабавала б шырэйшых захадаў, найперш пашырэньня правоў для моваў тытульных нацый. А ў Беларусі, дзе большасьць насельніцтва не адчувае сябе нацыяй, на такія рэчы глядзяць нэрвова.

Наагул капітальна ўгноеная за дзесяцігодзьдзі расейскай прапагандай грамадзкая думка і барацьбу з камунізмам можа прыняць толькі ў пары з нацызмам. Хоць і тут ня ўсё такое ўжо «нярускае». Нацызм, а калі поўным словам – нацыянал-сацыялізм, з прапагандай якога трэба змагацца сёньня, гэта зусім ня свастыка і ня Гітлер з далёкай гісторыі, а той самы «русский мир», які вядзе гібрыдныя войны і прапагандуе вяршэнства расейскай нацыі над усімі астатнімі «укропами». Гаворка ідзе пра абвостраныя і ваенізаваныя формы шавінізму, што па вызначэньні і ёсьць нацызм.

Вось жа калі казаць пра забарону прапаганды камунізму і нацызму, трэба ў сутнасьці бачыць забарону прапаганды «принуждающего к себе» (памятаеце такі не адразу зразумелы тэрмін?) «русского мира».

Ясна, што ўвесьці такую забарону ў Беларусі нерэальна, нават калі б зьмянілася ўлада. Помнікі леніну-сталіну будуць стаяць у нас да спарахненьня ў які-небудзь чарговы цяжкі крызіс. Назвы вуліц будуць чакаць якой-небудзь чарговай перастройкі і гласнасьці. Кожнае новае пакаленьне будзе так ці йнакш гэта чуць і бачыць, а значыць, прасякацца беспрасьвецьцем савецкага рабства…

Камунізм і нацызм як ідэалёгія існуюць і ў заходнім сьвеце, пазначаючы скрайнія праявы ўсяго ідэйнага спэктру. Але яны там цалкам маргінальныя. Чаму? Бо пазбаўленыя свайго самага галоўнага – мілітарнага складніка. Вось што сапраўды не дазваляецца дзе-небудзь у Чэхіі, дык гэта бравурныя вайсковыя парады, гераізацыя вайны, продаж дзіцячых цацак мілітарнай скіраванасьці. Замест гэтага прапагандуецца спорт, турыстыка, свая нацыянальная культура, а ў цацачнай краме на першым месцы – праца. Вы набудзеце любога выгляду рыдлёўку з малатком, любога памеру трактар ці экскаватар, любую «сьпяцоўку», але не аўтамат, ня танк і ня форму расейскага спэцназаўца, што вам прапануюць беларускія прадаўцы цацак.

Войска – гэта прафэсія, як і многія іншыя, неабходная, але і ня самая рамантычная. Ці вы бачылі бравурны парад, напрыклад, патолагаанатамаў ці сэрыял пра гераічных асэнізатараў у СМІ?

Прапаганда мілітарызму – гэтае усхваленьне забойства – можа любую маргінальную ідэалёгію накінуць на ўсё грамадзтва. Усеагульная гатовасьць да вайны ў Беларусі непазьбежна пасяляе ў душах людзей пачуцьцё паразы і трагедыі. Бо нічым іншым войны на нашай зямлі ў агляднай гістарычнай пэрспэктыве не сканчаліся і няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што заўтра будзе інакш. Краіна з найвялікшай у сьвеце колькасьцю сілавікоў на душу насельніцтва зусім не вылучаецца нейкай асаблівай баяздольнасьцю сваёй арміі, якая толкам ня ведае, за што і з кім ваяваць.

Ёсьць, вядома, і ў нас фэйсбучныя «лясныя браты», але з часоў «Белага легіёну» шмат вады сплыло разам з парэшткамі чыйгосьці жаданьня ваяваць за Радзіму са зброяй у руках.

Мы ня толькі суб’ектыўна (пры зьмене ўлады), але і аб’ектыўна нічога ня зможам забараніць. Мы можам толькі пашыраць нашу нацыянальную ідэю як антымілітарную, сьцьвярджальную і чалавечную. І гэта будзе найлепшы, бо адзіна магчымы, адказ агрэсіўнай прапагандзе «русского мира».

XS
SM
MD
LG