Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніца Ірына Багдановіч пра сьмерць айца Аляксандра Надсана: «На небе стала больш на яшчэ аднаго нябеснага апекуна Беларусі»


 Ірына Багдановіч

Ірына Багдановіч

«Смутак вялікі выклікала ў маёй душы вестка пра тое, што айца Аляксандра ўжо няма з намі ў зямным жыцьці. Быў ён, як я лічу, маім духоўным айцом — і, я б сказала, духоўным айцом Беларусі. Ён увасабляў духоўныя нябёсы самой Беларусі. Зь ім яны былі вышэйшыя, чысьцейшыя, сінейшыя. Па Божай волі так сталася, што лёс даў мне знаёмства і сяброўства з айцом Аляксандрам. Першы раз мы сустрэліся яшчэ на пачатку 1990-х у Менску, у Скарынаўскім цэнтры. І адразу адчула ад яго такі сыход Божай ласкі, лучэньне, прамяненьне нейкае. З той пары шмат было сустрэч, блаславіў мяне ён на многія кнігі, дапамагаў.

Запомнілася мне адна фраза, якая са мной па жыцьці так і ішла. Ён чамусьці любіў паўтараць: «З пустога не нальёш». Ці гэта адносілася да мяне, што я такой пустой была, ці гэта было крэда пошуку жыцьцёвай праўды? Я доўга не магла зразумець: хто пусты? Як напоўніць сябе? Што гэта значыць, урэшце? Цяпер я бачу яснасьць гэтых простых слоў — «з пустога не нальёш». Гэта значыць — «быць поўным Богам». Ён сам быў поўны Богам, Божай ласкай, Божай любоўю. І з гэтай паўнаты поўнілася яго душа, яго сэрца. Ён наліваў, выліваў і зьліваў на нас, на ўсю Беларусь гэту поўню Божай ласкі. Вось так я цяпер разумею гэтыя яго словы — быць поўным Божай ласкі і дзяліцца гэтай ласкай, любоўю Божай з усімі намі, з самой Беларусьсю.

Ёсьць у мяне і такія асабістыя ўспаміны. Ён хрысьціў многіх маіх сяброў, калегаў па пісьменьніцкім цэху, удзяляў сакрамэнт шлюбу. Для мяне ён быў першым маім спаведнікам. Першую ў жыцьці споведзь я прымала ў айца Аляксандра. У маім жыцьці была даволі складаная сытуацыя. Дагэтуль я памятаю, як ён, выслухаўшы мяне, трымаў нада мной сваю руку, я адчувала проста сваёй макушкай, як ад яго рукі, з далоні сыходзілі промні. Гэта такое незвычайнае адчуваньне, што да гэтага часу я зьдзіўляюся, калі ўзгадваю... Такая магутная сыходзіла ад яго энэргія, сіла нябёсаў.

На небе стала больш на яшчэ аднаго нябеснага апекуна Беларусі. Такім, якім ён быў на зямлі, цяпер зь неба апякуецца намі".

XS
SM
MD
LG