Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе расстрэлаў Майдану памочнік Пуціна жыў на базе СБУ


Уладзіслаў Суркоў
Уладзіслаў Суркоў

«Правая рука» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Ўладзіслаў Суркоў жыў на базе Службы бясьпекі Ўкраіны падчас расстрэлаў пратэстоўцаў у лютым 2014 году ў Кіеве і быў частым госьцем адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта. Пра гэта распавялі прадстаўнікі СБУ і Генпракуратуры, даючы справаздачу пра расьсьледаваньне злачынстваў Майдана.

Кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка заявіў, што трэба расьсьледаваць удзел у злачынствах ня толькі ўкраінскай, але і расейскай улады. Суркоў, паводле Налівайчанкі, мог непасрэдна ўплываць на рашэньні, якія тады прымалі ў сілавых структурах і адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны.

У той жа час Налівайчанка пацьвердзіў словы генпракурора Віктара Шокіна аб тым, што расстрэламі на Майдане кіраваў менавіта экс-прэзыдэнт Віктар Януковіч.

«Цяпер сьледзтва высьвятляе, чаму 20-21 лютага Суркоў пражываў разам з былым кіраўніком СБУ Якіменкам на адным з аб’ектаў спэцслужбаў, чаму разам зь ім карыстаўся урадавай сувязьзю, выяжджаў у тагачасную адміністрацыю прэзыдэнта і зьдзяйсьняў іншыя дзеяньні з пазыцыі чалавека, які заўсёды знаходзіўся побач з кіраўніком СБУ», — дадаў Налівайчанка, падкрэсьліўшы, што афіцыйных візытаў высокапастаўленых чыноўнікаў Расеі ва Ўкраіну тады не было.

Раней у лютым Налівайчанка паведаміў, што снайпэрамі, якія расстрэльвалі як мітынгоўцаў, так і «беркутаўцаў», кіраваў менавіта Уладзіслаў Суркоў. Кіраўнік СБУ сьцьвярджаў, што гэта на допытах распавядалі супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня СБУ «Альфа». Тады ж прадстаўнік МЗС Расеі назваў абвінавачваньні супраць Уладзіслава Суркова «поўнай лухтой».

З СБУ звольнілі 4,5 тысячы работнікаў

Супрацоўніцтва з «правай рукой» Пуціна — не адзінае, у чым вінавацяць былых работнікаў СБУ. У прыватнасьці, Налівайчанка паведаміў, што цяпер адкрыта 157 крымінальных справаў супраць работнікаў ведамства: сярод іх і тыя, што працавалі пры Януковічы, і тыя, хто ўладкаваліся ў ведамства ўжо пасьля «Рэвалюцыі годнасьці».

Кіраўнік СБУ дадае, што працуе над ачысткай кадраў. Паводле яго, колькасьць супрацоўнікаў ужо паменшылася на 12% — з 31,5 тысячы да 27 000 супрацоўнікаў. У той жа час, ведамства абнавілася на 70%.

«У калегіі або ў кіраўніцтве ў вобласьцях не засталося ніводнага чалавека, у дачыненьні да якіх былі б сумненьні», — рэзюмуе Налівайчанка.

Праверкі і скарачэньні ажыцьцяўляюцца ў рамках закону аб люстрацыі, якая прадугледжвае праверкі ў ведамстве работнікаў усіх узроўняў.

«Беркутаўцы» працягваюць тэрарызаваць украінскія гарады»

У той жа час, кажа Налівайчанка, правяраць і прыцягваць да адказнасьці «беркутаўцаў» значна больш складана, чым людзей, якія працуюць у СБУ. Ён запэўніў, што пра іх удзел у зьбіваньні, выкраданьнях і забойствах людзей зімой леташняга году не забыліся. «СБУ працуе», — запэўнівае кіраўнік ведамства.

Разам з тым, Налівайчанка паведаміў, што «злачынцы-сілавікі і далей ладзяць дывэрсіі». Служба бясьпекі мае інфармацыю, што «шэраг супрацоўнікаў харкаўскага „Беркуту“ пасьля расфармаваньня падразьдзяленьня ўступіла ў злачынныя групоўкі», у тым ліку ў арганізацыю «Аплот». Гэтыя бандфармаваньні, кажа ён, «працягваюць тэрарызаваць украінскія гарады, зьдзяйсьняць злачынствы і тэракты з выкарыстаньнем выбухоўкі». Ён таксама дадаў, што «Аплот» застаецца «небясьпечнай тэрарыстычнай арганізацыяй», а яе кіраўнік Яўген Жылін хаваецца ў Расеі і кіруе адтуль.

Служба бясьпекі сумесна з пракуратурай затрымала на працягу 12-13 красавіка ў Харкаве групу дывэрсантаў з 11 чалавек. Іх каардынатарам быў ужо згаданы кіраўнік харкаўскай арганізацыі «Апора» Яўген Жылін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG