Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта чалавек надзвычай мудры і шчыры»


Аляксандар Надсан

Аляксандар Надсан

Слова пра айца Надсана ад выдаўца Зьмітра Санька.

«Гэта сапраўды незвычайны чалавек, і разам з тым ён вельмі просты. Мы даволі часта кантактавалі зь ім у розных творчых справах, асабліва падчас выданьня кнігі пра Чэслава Сіповіча. Я памятаю, калі мы завяршылі гэтае выданьне і ён атрымаў сыгнальны асобнік, ён сказаў: „Самы галоўны вынік нашага супрацоўніцтва — гэта тое, што мы засталіся прыяцелямі“. Гэта сьведчаньне вялікай мудрасьці чалавека, таму што мы ведаем, як часта людзі, якія робяць агульную справу, ня могуць пасьля паразумецца адзін з адным.

Памятаю, аднаго разу, гадоў 15 таму, адзін з нашых калегаў зрабіў ня вельмі прыгожы ўчынак. Ён напісаў у розныя інстанцыі, у тым ліку і айцу Аляксандру, пра тое, што, маўляў, я і мае сябры займаемся рознымі махінацыямі. Зразумела, гэта была выдумка. І калі я пры сустрэчы папрасіў у айца Аляксандра, каб ён паказаў гэты ліст, ён паабяцаў. Паабяцаў, але так і не паказаў пад рознымі прычынамі. І я разумею цяпер, што гэта таксама была праява ягонай мудрасьці. Ён спадзяваўся, што супрацоўніцтва ў нашым коле, на жаль, не такім шырокім, будзе і далей працягвацца. А калі б я ўбачыў гэты ліст, то зразумела, што далейшае наша супрацоўніцтва было б вельмі сумнеўным. Гэта таксама праява ягонай мудрасьці. Перш за ўсё, гэта чалавек надзвычай мудры і шчыры.

Я і мае калегі з нашага выдавецтва вельмі ганарацца тым, што мы некалі разам з Ірынай Дубянецкай выдалі кнігу, прысьвечаную яму — „Сонца тваё не закоціцца і месяц твой не схаваецца“. Гэтая кніга, на мой погляд, — помнік гэтаму вялікаму чалавеку. Вельмі шкада, што такія людзі адыходзяць. Нам яго будзе вельмі неставаць».

XS
SM
MD
LG