Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не дала паставіць крыжы ля віцебскіх Курапат


Ян Дзяржаўцаў ля масавых пахаваньняў людзей пад Віцебскам. 12 лістапада 2014 года.

Ян Дзяржаўцаў ля масавых пахаваньняў людзей пад Віцебскам. 12 лістапада 2014 года.

Каля вёскі Хайсы пад Віцебскам затрыманы актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, які плянаваў усталяваць крыжы на месцы сталінскіх расстрэлаў.

Як паведаміў Ян Дзяржаўцаў Радыё Свабода, актывісты КХП-БНФ зьбіраліся ўсталяваць крыжы ў памяць забітых там людзей — актывісты лічаць, што там пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Першым да вёскі Дрыкольле прыехаў сам Ян Дзяржаўцаў, ён і прывез крыжы.

Паводле слоў актывіста, на стаянцы яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі і КДБ, старшыня сельсавету і прадстаўнік лясгасу. Яны заявілі Дзяржаўцаву, што ён ня мае права тут нічога ставіць. Дзяржаўцава затрымалі і павязлі ў РАУС Віцебскага раёну.

Як паведаміў Свабодзе Ян Дзяржаўцаў, яму нават не патлумачылі прычыну затрыманьня:

"Учора разам зь сябрамі мы хадзілі да старшыні Мазалаўскага сельсавету Андрэя Дубіны з просьбай паспрыяць, каб гэтае месца, Хайсы, было добраўпарадкаванае: каб была пракладзеная дарога, прыбраны хмызьняк, каб там можна было ўсталяваць памятны знак. Аднак старшыня з намі не пагадзіўся, пачаў спрачацца і заявіў, што няма доказаў таго, што ў гэтым месцы пахаваныя ахвяры сталінізму. Ён усчаў сварку, і ў выніку мы мусілі сысьці. А сёньня дамовіліся, каб перад Радаўніцай уласнымі сіламі прыбраць гэтае месца і ўсталяваць два новыя крыжы да тых, якія былі ўсталяваныя раней. Але калі прыехалі на месца, неўзабаве зьявілася машына ДАІ, яшчэ дзьве міліцэйскія машыны, а таксама зьявіўся сам старшыня Дубіна. Кіроўцу грузавіка загадалі загрузіць крыжы, і цяпер мы накіроўваемся ў міліцыю".

Паводле Яна Дзяржаўцава, гэткім чынам мясцовыя ўлады хочуць схаваць праўду пра месца згубы бязьвінных ахвяраў савецкага рэжыму:

«Гэта вялікая небясьпека для ўладаў — яны ня хочуць, каб людзі прыходзілі на гэтае месца, каб узгадвалі злачынствы ўладаў. Раней забівалі людзей і рабілі таямніцу, а цяпер робяць таямніцу вакол сьлядоў злачынства».

Паводле Яна Дзяржаўцава, некалькі актывістаў засталіся ў Хайсах. Але памятная талака была сарваная і перапыненая яшчэ да таго, як пасьпелі сабрацца ўсе яе ўдзельнікі.

Па стане на 14 гадзін актывіста КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава, які плянаваў усталяваць крыжы на месцы сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам, адпусьцілі зь міліцыі. Як паведаміў Ян Дзяржаўцаў Радыё Свабода, у міліцыі з затрыманых узялі тлумачэньні наконт іх дзеяньняў і праз тры гадзіны адпусьцілі. Акрамя пратакола апытаньня іншых пратаколаў не складалася.

XS
SM
MD
LG