Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваю сьвечку выкладчыца патушыла сама


Разьвітаньне з выкладчыцай каля філялягічнага факультэту

Разьвітаньне з выкладчыцай каля філялягічнага факультэту

15 красавіка філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны разьвітаўся са сваёй выкладчыцай, якая скончыла жыцьцё самагубствам.

Труну зь нябожчыцай прывезьлі на непрацяглы час на ганак унівэрсытэцкага корпусу, дзе месьціцца філялягічны факультэт. Тут з кветкамі і жалобнымі вянкамі сабраліся выкладчыкі, студэнты, кіраўнікі ўнівэрсытэту.

Заўчасна перарванае жыцьцё

Выкладчыцы было 45 гадоў. Прыгожая, зьнешне спакойная жанчына, кандыдат філялягічных навук. Выкладала студэнтам беларускую мову, вывучала крыніцы фармаваньня і спосабы ўтварэньня беларускай навуковай тэрміналёгіі, тэрміналёгіі воднага транспарту ў беларускай мове, распрацоўвала мэтодыку выкладаньня філялягічных дысцыплінаў.

Словам, пасьпяховы, высокаадукаваны спэцыяліст, з прыроджаным талентам рытара. Гэтак характарызавала нябожчыцу калега — прафэсар філялёгіі.

Дом-інтэрнат па Савецкай,106

Дом-інтэрнат па Савецкай,106

І тут — суіцыд: вяроўка, пятля. Прычым незадоўга да пачатку новага працоўнага дня, у пад’езьдзе свайго дома па вуліцы Савецкай, 106 — за сотню мэтраў ад факультэту, дзе вучылася, атрымала чырвоны дыплём, была асьпіранткай, стала выкладчыцай.

Некаторыя інфармацыйныя рэсурсы паведамілі, што прычынай трагедыі стала адмова рэктарату прыватызаваць кватэру, у якой выкладчыца жыла.

Адна з каляжанак кажа на гэта: «Так пісаць нядобра. Былі, канечне, як і ў кожнага з нас, усялякія праблемы. А тут — цэлы комплекс, у тым ліку і са здароўем».

Некаторыя калегі сталі заўважаць, што апошнім часам выкладчыца перастала карыстацца касмэтыкай. Блізкім людзям жалілася, што часам губляўся слых, слабеў зрок.

У нябожчыцы двое дзяцей — дачка і сын. З мужам, таксама выкладчыкам унівэрсытэту, але на іншым факультэце, яна была ў разводзе. Прынамсі, так успрымалі яе сямейнае становішча калегі. Пры гэтым абавязкова дадавалі, што былы муж не цураўся дапамагаць сям’і.

Колькі гадоў таму ў доме па вуліцы Савецкай, 106, дзе здарылася трагедыя, жыхары сталі дамагацца прыватызацыі кватэраў, у якіх жылі. Адміністрацыя ўнівэрсытэту адмаўляла — і, у сваю чаргу, пачала ўзаконьваць гэты дом як інтэрнат.

Кватэрнае пытаньне

Як вынікае з дакумэнтаў мясцовых уладаў, першапачаткова 156-кватэрны дом з трох сэкцыяў будаваўся і здаваўся ў эксплюатацыю як жылы. І зямля адводзілася пад жылы дом. І прапісвалі тут выкладчыкаў зь сем’ямі на стала, бо нямала іх прыехала ў Гомель зь іншых гарадоў былога Саюзу. Згодна з тагачасным парадкам у тых гарадах яны паздавалі свае кватэры.

Была і яшчэ адна акалічнасьць. Рашэньнем гарвыканкаму частку жылых сэкцыяў дома № 106 дазвалялася выкарыстоўваць пад інтэрнат для студэнтаў.

У 1991 годзе ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай і патрэбай у жытле для запрошаных выкладчыкаў замест тых, хто пакінуў рэгіён, Гомельскі аблвыканкам рашэньнем № 168 надаў усяму будынку па вуліцы Савецкай, 106 статус інтэрнату прафэсарска-выкладчыцкага складу і супрацоўнікаў унівэрсытэту. Але пра гэта людзі даведаліся толькі ў 2004 годзе.

З таго часу і пайшла кругаверць: скаргі, лісты ў інстанцыі, суды. У 2013-м загадам па ўнівэрсытэце ў інтэрнат ператварылі і самы апошні «бастыён» — 42-кватэрную сэкцыю дома, а таксама разьмешчаныя ў доме бібліятэку й кнігарню. Праз эканамічны суд адміністрацыя ўнівэрсытэта летась дамаглася зьмены рэгістрацыі прызначэньня шматкватэрнага дома па Савецкай, 106. Ён узаконены як інтэрнат.

Адначасова рэктарат праз сваю юрыдычную службу стаў «ушчыльняць» жыхароў дома, патрабаваць падпісваць абавязаньне, што пры сыходзе з унівэрсытэту на іншую працу выкладчык мусіць пакінуць і кватэру.

На філялягічным факультэце апавядаюць, што нябожчыца ў свой час парвала кантракт з такім абавязаньнем. Адбілася яна нібыта і ад прапановы перасяліцца з трохпакаёўкі ў меншую кватэру.

Рэктар унівэрсытэту Аляксандар Рагачоў на такія сьцьверджаньні адказвае:

«Як і ва ўсякай рэвалюцыі, галоўнае пытаньне — гэта пытаньне ўласнасьці».

Калі, маўляў, і былі да нябожчыцы пытаньні, то не ў рэктарату, а ў юрыдычнай службы. Бо чарга разбору да выкладчыцы яшчэ не дайшла.

Кватэры сталі ячэйкамі

У зьвязку з афіцыйным статусам будынку па Савецкай, 106 тут ужо і кватэр няма — называюцца яны цяпер «ячэйкі». Некаторых выкладчыкаў, якія пайшлі на заслужаны адпачынак і ў каго зьмяніўся склад сям’і, з большых «ячэек» перасялілі ўжо ў меншыя. А хто застаўся адзінокім, напрыклад, з прычыны разводу, і не працаваў ва ўнівэрсытэце, таго праз суд спрабуюць наагул выселіць.

«Я — пэнсіянэрка. З мужам, былым выкладчыкам унівэрсытэту, мы даўно разышліся, ён зьехаў у Менск, у яго там іншая сям’я. Куды мне высяляцца? У якую „ячэйку“? Я згодная, але куды? Гэтую кватэру нам давалі дзеля паляпшэньня жыльлёвых умоваў», — дзеліцца сваёй трывогай жанчына, пазоў на высяленьне якой унівэрсытэт падаў у Цэнтральны суд Гомеля.

Ці была сытуацыя з жытлом нейкай кропляй на шалях душэўнай раўнавагі выкладчыцы, якая налажыла на сябе рукі? Выключаць і такое нельга. Нездарма ж калегі сьцьвярджаюць, што груз праблемаў назапашваўся, памнажаўся.

Не назавеш бязвоблачнай і сытуацыю ва ўнівэрсытэце з падрыхтоўкай будучых настаўнікаў беларускай філялёгіі. Летась тут быў недабор абітурыентаў на бюджэтныя месцы. На завочнае навучаньне па згаданай спэцыяльнасьці моладзь амаль не паступае. І наўрад ці сытуацыя зьменіцца сёлета.

Што ў такім разе чакае выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры? Скарачэньні? Пераход на тры чвэрці стаўкі ці наагул на палову? Цалкам імаверна — і першае, і другое.

XS
SM
MD
LG