Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня стала краязнаўцы і літаратуразнаўцы Ўладзімера Содаля


Уладзімер Содаль

Уладзімер Содаль

Пра сыход Уладзімера Содаля Радыё Свабода паведаміла ягоная ўдава Клара Барысаўна.

Уладзімер Содаль нарадзіўся 13 верасьня 1937 году ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Скончыў Менскі пэдагагічны інстытут, працаваў настаўнікам. Некалькі дзясяткаў гадоў адпрацаваў на беларускім тэлебачаньні.

Як літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль дасьледаваў творчасьць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, М.Багдановіча, Зоські Верас і іншых.

Напісаў кнігі: «Людзьмі звацца» (1977), «Пуцявінамі сейбіта» (1982), «Кушлянскі кут» (1990), «Сьцежкамі Мацея Бурачка» (1990), «Жупранская старонка» (1992), «Тут бачу свой край» (1994), «Сьвіранскія крэскі» (1995), «Карпілаўка» (2001). У 2007 выдаў кнігу «Волат зь Мігаўкі», прысьвечаную жыцьцю грамадзка-палітычнага дзеяча Беларусі Аляксандра Ўласава.

Ва Ўладзімера Содаля засталіся сын, дачка, чацьвёра ўнукаў і праўнук.

«Да апошняга ён ірваўся пайсьці зь людзьмі сустрэцца. Усё спрабаваў нешта пісаць, а літары ўжо не складаліся. Аказалася, ужо два тыдні, як у яго інфаркт, а ён ня скардзіўся, нічога», — распавяла Радыё Свабода жонка Ўладзімера Содаля Клара Барысаўна. Памёр Уладзімер Содаль у Першым клінічным шпіталі Менску.

Час разьвітаньня будзе вядомы ўвечары 16 красавіка.

Пранікнёныя словы сказала пра Ўладзімера Содаля ягоная калега па Беларускім тэлебачаньні, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

«Мы з Уладзімерам даволі доўга працавалі на тэлебачаньні. Гэта чалавек незвычайны, такі шчыры, па-сапраўднаму беларус. Ён так любіў Беларусь. Ня мог прайсьці міма, калі нешта беларускае не паважаецца, перажываў, што ўлады так ставяцца да ўсяго беларускага, асабліва да мовы. Мала таго, ён быў вельмі адукаваным рэдактарам. Ён ўсё жыцьцё працаваў у навукова-пазнавальнай рэдакцыі. Менавіта ягонымі ведамі, знаходкамі гэтай рэдакцыі так карысталіся мы, дыктары. Нашыя пакоі знаходзіліся побач на першым паверсе. Не было дня, каб мы не сустрэліся, не павіталіся, не абмяняліся думкамі. Канешне, душа баліць, сэрца баліць за тое, што адыходзяць такія людзі. Перад гэтым Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, цяпер Уладзімер Ільіч содаль. Я думаю, што гэта проста бязгрэшны чалавек. Мы верым у вечнасьць жыцьця чалавека. І я думаю, што яму там будзе добра, яго там прымуць з радасьцю. Такія людзі пакідаюць добры сьлед на гэтай зямлі. А Ўладзімер пакінуў добры сьлед. Сьветлая яму памяць».

Надзвычайнымі ўражаньнямі ад асобы Ўладзіміра Содаля падзяліўся паэт, эсэіст, аўтар Радыё Свабода Міхась Скобла:

«Уладзімер Содаль для мяне — прыклад сапраўднага дасьледчыка, гісторыка літаратуры. Калі ўжо ён займаўся, напрыклад, Францішкам Багушэвічам, то ведаў усе падрабязнасьці: і якія песьні ў ваколіцах Кушлянаў у часы Багушэвіча сьпявалі, і якія дрэвы на той сядзібе расьлі, і ўсе легенды, якія хадзілі пра паэта ў той мясцовасьці. Ня кажучы ўжо пра тое, што мог растлумачыць кожнае слова ў творах Багушэвіча.

Апошнім часам спадар Уладзімер выдаваў кнігі сваіх каштоўных падрабязнасьцяў за ўласную пэнсію і, як той караткевічаўскі кніганоша, праточваўся зь імі праз міліцэйскія кардоны на Дні беларускага пісьменства, на нейкія іншыя афіцыйныя мерапрыемствы — ішоў да людзей, да чытачоў.

Яго неаднойчы затрымлівалі за „нелегальны распаўсюд“, пагражалі штрафам, але Содаля гэта не палохала. Ён лічыў сваім абавязкам данесьці тое, што ведаў, што адшукаў у архівах, да людзей. Ён быў дасьведчаны, самаахвярны і настойлівы ў сваёй беларушчыне. Калі такія сыходзяць — замены ім няма».

XS
SM
MD
LG