Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ладзіць «наўпроставую лінію» з расейцамі


Уладзімер Пуцін на пасяджэньні Дзяржсавета ў Крамлі ў Маскве 7 красавіка 2015 году
Уладзімер Пуцін на пасяджэньні Дзяржсавета ў Крамлі ў Маскве 7 красавіка 2015 году

Пуцін зьбіраецца паказаць суграмадзянам, што ён здаровы і кіруе сытуацыяй, — экспэрты.

16 красавіка ў Расеі пройдзе 13-я па ліку так званая «наўпроставая лінія» з Уладзімерам Пуціным. Прэзыдэнт адкажа на пытаньні журналістаў і звычайных расейцаў.

Крэмль паведамляе, што ў гэтым годзе задаць іх можна будзе ня толькі па тэлефоне і ў выглядзе СМС, але і пры дапамозе новай інтэрнэт-плятформы — запісаць на відэа і адправіць мадэратарам. Традыцыйна ў розных расейскіх рэгіёнах, у тым ліку і ў анэксаваным Крыме, улады арганізуюць тэлемасты.

Частку свайго выступу Уладзімер Пуцін прысьвеціць пытаньням разьвіцьця анэксаванага Крыму, закране «няпростую эканамічную сытуацыю, у якой апынулася Расея», а ў сувязі з «напружанай геапалітычнай сытуацыяй» адкажа на пытаньні аб адносінах Расеі з ЗША, Украінай, Кітаем і Турцыяй.

Андрэй Піянткоўскі
Андрэй Піянткоўскі

Палітоляг Андрэй Піянткоўскі лічыць, што мэта выступу Пуціна — пераканаць расейцаў у тым, што ён па-ранейшаму кантралюе сытуацыю ў краіне. Акрамя таго, публічны выступ прэзыдэнта адбудзецца на фоне чутак пра яго хваробу:

«Мы выдатна памятаем яго 10-дзённую адсутнасьць. Я заўсёды вельмі скептычна ставіўся да ўсялякіх кансьпіралягічных тэорыяў пра „розных Пуцінаў“. Але вось Пуцін, які зьявіўся ўпершыню пасьля перапынку, 16 сакавіка, на сустрэчы з кіргізскім прэзыдэнтам, і Пуцін 18-га на Васільеўскім спуску — гэта былі два зусім розныя чалавекі. Ці гэта дасягненьні айчыннай фармакалёгіі, ці нешта іншае, але Пуцін 16-га быў відавочна нездаровы. І яго піяршчыкам трэба было даказваць, што ён настолькі ў форме, што сустракаўся з кіргізскім прэзыдэнтам і гэтак далей.

Вядома, справа ня толькі ў чутках пра яго здароўе, а ў рэальнасьці. На самым версе расейскай улады разгортваюцца сур’ёзныя канфлікты. Гэта сьведчыць пра тое, што Пуцін ня цалкам кантралюе працэсы, якія там адбываюцца. Перш за ўсё я маю на ўвазе гэта перацягваньне канату паміж ФСБ і Кадыравым адносна таго, каго прызначыць забойцам Нямцова. Па-першае, сама па сабе сытуацыя — ганебная для ўлады. Яны не хаваюць, што Нямцова забіла ўлада, і проста разважаюць, каго прызначыць вінаватым — намесьніка кіраўніка кадыраўскага атраду „Поўнач“ Дадаева ці іншых, больш высокіх чыноўнікаў. Сытуацыя відавочна не кантралюецца першай асобай. Жаданьне ФСБ у расьсьледаваньні падняцца да самога Кадырава — гэта выклік ня толькі Кадыраву, гэта выклік самому Пуціну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG