Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робі Ўільямсу ў Менску падарылі вышыванку, а арганізатары прыйшлі на канцэрт у вышымайках


Вышыванка, якую падарылі Робі Ўільямсу

Вышыванка, якую падарылі Робі Ўільямсу

Традыцыйную ільняную кашулю зь беларускім арнамэнтам для сусьсветнай поп-зоркі замовіла агенцыя Allstars. Менская каманда суправаджэньня канцэрта сустрэла госьця ў брэндавых чорна-белых вышымайках з партрэтам сьпевака.

«Мы хацелі, каб Робі Ўільямс адчуў, што прыехаў не на чарговы канцэрт у чарговую краіну, а менавіта ў Беларусь», — кажа дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус. Ён распавядае пра гісторыю падарунку:

«Да нас зьвярнулася кампанія Allstars з прапановай падрыхтаваць арыгінальны падарунак для Робі Ульямса. І мы вырашылі прапанаваць вышыванку, а таксама цікавы сюрпрыз. Было зроблена 20 адмысловых вышымаек для арганізатараў канцэрта. Яны выкананыя ў стылістыцы пляката, чорна-белыя. А ў выяве самога Робі Ўільямса замянілі дэталь грыму на вышыванкавую зорку».

Павал кажа, што вышыванкавы дрэс-код каманды суправаджэньня абавязкова мусіць запомніцца сьпеваку. Сам сьпявак павязе зь Беларусі ўнікальны падарунак — сапраўдную вышыванку. Адразу пасьля канцэрту прадстаўнікі Allstars перадалі Робі Ўільямсу падарунак.

«Спадзяюся, што мы дзе-небудзь пабачым Робі Ўільямса ў сапраўднай беларускай вышыванцы», — кажа Белавус.

Вышыванку, якая трапіла ў гардэроб Робі Ўільямса, вырабіла прадпрыемства «Скарбніца». Падобныя кашулі можна купіць у краме Symbal.by. Каштуюць яны каля 1 мільёна 200 тысяч беларускіх рублёў.

XS
SM
MD
LG