Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі фільм не пакажуць ні ў Расеі, ні ў Беларусі

абноўлена

Кадар з фільму.
Кадар з фільму.

Галівудзкую драму «Нумар 44» у Расеі зьнялі з пракату за дзень да прэм’еры. Тое самае пад пагрозай санкцый павінны зрабіць кінапракатчыкі ў Беларусі, Украіне і Казахстане.

Расейская кампанія «Цэнтрал Партнершып», якая займаецца пракатам ў Расеі амэрыканскага фільму «Нумар 44», адклікала яго з кінатэатраў па просьбе Міністэрства культуры РФ. Карціна павінна была выйсьці ў пракат у чацьвер, 16 красавіка. Прадстаўнікі Міністэрства культуры і фірмы-пракатчыка выпусьцілі сумесную заяву, у якой абвінавацілі аўтараў фільму «ў скажэньні гістарычных фактаў», а таксама вобразаў і характараў савецкіх людзей той эпохі. Гендырэктар «Цэнтрал Партнершып» кажа, што сцэнар фільму некалькі разоў мяняўся па просьбе расейскага боку, але ўнесеныя зьмены не задаволілі.

У адміністрацыі менскага «Дому кіно» сказалі, што паказ фільму не адбудзецца ва ўсіх беларускіх кінатэтрах, бо стужка не паступіла ў Менск з Расеі. «Прабачце, гэта не па нашай віне,»- сказала адміністратарка кінатэатру.

У Менску, Горадні і Віцебску прэм’ера павінна была адбыцца таксама як і ў Расеі заўтра. Білеты, як сказаў СБ гендырэктар кінавідэапракату Менгарвыканкаму Васіль Коктыш, добра прадаваліся. Грошы за іх прыйдзецца вярнуць, бо за паказ фільму расейскія партнэры пагражаюць санкцыямі.

Фільм «Нумар 44» пра расьсьледаваньне сэрыі забойстваў у Савецкім Саюзе зьняў швэдзкі рэжысэр Даніэль Эспіноса па матывах кнігі брытанскага пісьменьніка Тома Роба Сьміта «Сорак чацьвёртае дзіця». Сьміт, які атрымаў за гэтую кнігу некалькі прэстыжных прэмій, раней паведамляў Радыё Свабода, што ў аснову задумы легла гісторыя савецкага сэрыйнага забойцы Андрэя Чыкацілы. Галоўны герой фільму і кнігі — вэтэран вайны і супрацоўнік КДБ Леў Дзямідаў расьсьледуе сэрыю забойстваў дзяцей. Дзямідаў аказваецца пад ціскам начальства, якое лічыць, што прызнаць існаваньне маньяка ў савецкім грамадзтве было б тое самае што і здрада дзяржаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG