Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадыйны гімн Наваросіі: «Сэпаратысты, Пуцін даў загад»...


Гурту «Мірка Сабліч» усяго некалькі месяцаў, але яго кліпы вядомыя сотням тысяч гледачоў YouTube. Перарабляючы расейскія і савецкія фільмы і мультфільмы, спалучаючы іх з найноўшымі фота- і відэадакумэнтамі, удзельнікі «Міркі Сабліча» гавораць пра надзённае — вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. Галоўная іх мэта — контрапрапаганда.

Лідэр гурту і яго сябры ня хочуць выступаць на сцэне, расказваць пра сябе і адмаўляюцца друкаваць свае фотаздымкі. У іх ужо ўзьнікалі праблемы з інтэрнэт-цэнзурай: гімн украінскага Данбасу, які быў насьпяваны на кліп любімага гурту Пуціна «Любэ», быў заблякаваны на YouTube на патрабаваньне таго самага Любэ, аднак твор удалося адстаяць.

«Мы маладая каманда, група ўкраінцаў, якія вырашылі такім спосабам данесьці некаторыя ідэі, што даўно ўжо сьпелі ў грамадзтве, мы адчуваем неабходнасьць іх артыкуляваць, — сказаў сябра гурту Яўген Радыё Свабода. — Гэты праект мы назвалі музычна-публіцыстычным. Мы лічым, што праз такія формы (можа, некаму яны здаюцца радыкальнымі) — але градус у нашай краіне падняты на надзвычайны ўзровень пасьля падзей акупацыйнай вайны. Так мы можам выразьней данесьці асноўныя адчуваньні, што пануюць ва ўкраінскім грамадзтве.»

Аўтары праекту прызнаюць, што яны не музыканты, а тэксты часам пішуцца на калене. Ніводзін зь іх ня быў на Майдане, ня ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях. Зброя музычнай пародыі — тое, да чаго падштурхнула іх пачуцьцё несправядлівасьці і абурэньня расейскай прапагандай. Гімн Наваросіі выкарыстоўвае ў якасьці рэфрэну «Сепаратисты, Путин дал приказ...»

Адзін з аўтараў праекту прызнаўся, што на паліцы ў іх «ляжаць» і больш жорсткія кліпы, і для поўнай бесцэнзурнасьці некаторыя з удзельнікаў хацелі б сысьці ў падпольле. Больш мяккае крыло «Міркі Сабліча» , аднак выступае за тое, каб быць даступнымі на масавых плятформах як грамадзянам Украіны, так і Расеі.

XS
SM
MD
LG