Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Байнэце зьявіўся фэйкавы сайт «Полесье-медиа» з разьдзелам «Donbass»


Фэйкавы сайт «Полесье-медиа»

Фэйкавы сайт «Полесье-медиа»

Невядомыя стварылі фэйкавы сайт-копію «Полесье-медиа». Фэйкавы партал без дазволу перадрукоўвае кантэнт беларускіх выданьняў, а адзін з разьдзелаў «Полесье-Медиа» называецца «Donbass» і зьмяшчае інфармацыю пра жыцьцё так званай «ДНР».

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, лягатып сайта вельмі падобны да лягатыпу вядомага рэгіянальнага выданьня «Медиа-Полесье», журналісты якога і заўважылі парушэньне сваіх аўтарскіх правоў.

Як высьветлілася, адрас сайта, зарэгістраванага ў зоне.by, адрозьніваецца ад арыгіналу толькі адным сымбалем. На сайце-копіі без спасылкі штодзённа зьяўляюцца арыгінальныя матэрыялы выданьня «Медиа-Полесье».

Стваральніца і галоўны рэдактар «Медиа-Полесье» Сьвятлана Гарда кажа, што шакаваная такім нахабным крадзяжом матэрыялаў і дызайнэрскага лягатыпа.

Цікава, што адзін з разьдзелаў сайта-копіі называецца «Donbass» і зьмяшчае інфармацыю пра жыцьцё на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам.

«Я лічу, што гэта адназначна спроба дыскрэдытаваць наша выданьне. І мірыцца з такім нахабствам мы ня будзем. На дадзены момант мы ўжо натарыяльна заверылі факт перадрукоўкі нашых матэрыялаў і перапрацоўкі нашага лёга, з чым зьбіраемся зьвяртацца ў міліцыю і суд», — дадае Сьвятлана Гарда.

Але, на думку намесьніка старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэя Бастунца, стваральнікаў выданьня вельмі хутка павінна будзе знайсьці міліцыя.

«Гэта ўжо ня першы выпадак, калі мы заўважаем зьяўленьне падобных фэйкавых старонак. Магчыма, гэта зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і мае на мэце ў гэты пэрыяд нейкім чынам адцягнуць аўдыторыю вядомага незалежнага рэгіянальнага выданьня.

У дадзеным выпадку рэдакцыі „Медиа-Полесье“ трэба тэрмінова зьвярнуцца ў міліцыю з заявай аб пошуку ўладальнікаў сайта-копіі і прыцягненьні іх да адказнасьці за парушэньне аўтарскіх правоў, за што ў Беларусі прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць», — распавёў Бастунец прэс-службе ГА «БАЖ».

XS
SM
MD
LG