Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт Пуціна каштаваў больш за 3 мільёны даляраў, сайт Лукашэнкі — 300 тысяч


Уладзімір Пуцін вывучае свой афіцыйны сайт (архіўнае фота)

Уладзімір Пуцін вывучае свой афіцыйны сайт (архіўнае фота)

Паводле «Фонду барацьбы з карупцыяй», сайт прэзыдэнта Расеі абыйшоўся ў 5-6 разоў даражэй, чым казаў яго прэсавы сакратар.

Сайт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна абышоўся бюджэту ў 20 мільёнаў расейскіх рублёў, яшчэ ў 30 мільёнаў — падтрымка і бясьпека сайтаў іншых прадстаўнікоў улады, — заяўляў раней яго прэсавы сакратар Дзьмітры Пяскоў, абвяргаючы інфармацыю выданьня РБК. Юрыст «Фонду барацьбы з карупцыяй» Андрэй Мішчанка валодае іншымі дадзенымі.

Андрэй Мішчанка апублікаваў у сваім блогу расьсьледаваньне, у колькі магла абысьціся бюджэту распрацоўка новай вэрсіі сайту прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і падтрымка іншых дзяржаўных сайтаў. Вэрсія стала даступная 8 красавіка, абнаўленьню — першаму за 5 гадоў, — надавалася шмат увагі ў прэсе.

У сваім тэксьце юрыст прыводзіць сьведчаньні і доказы, што выбар распрацоўніка сайту праводзіўся бяз тэндэру. Як сьцьвярджае Мішчанка, прадпрыемства-пасярэднік «Атлас» атрымала 107 або 137 мільёнаў бюджэтных грошай (каля 3 мільёнаў даляраў па курсе 2014 г. — РС) на распрацоўку сайту прэзыдэнта, і гэтыя грошы не былі празрыста выдаткаваныя. Юрыст лічыць, што гэта сума значна перавышае афіцыйныя лічбы. Акрамя таго, Мішчанка лічыць, што сродкі не былі празрыста выдаткаваныя:

«Ці нехта зь іх хлусіць, ці нехта паклаў у кішэню велізарныя грошы, нічога ня робячы. Па гэтым факце я, напэўна, напішу зварот, хай правядуць праверку. Ня ведаю, чым гэта скончыцца».

Сайт Лукашэнкі каштаваў 300 тысяч даляраў

У 2013 годзе тэндэр на распрацоўку сайту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі выйграў дзяржаўны Інстытут прыкладных праграмных сыстэмаў. Тады на распрацоўку сайту было выдаткавана каля 2,6 мільярда рублёў, што складала 300 тысяч даляраў.

Тагачасны прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі тлумачыў, што сам сайт каштуе ня больш за 10% ад сумы, а 90% сродкаў, вылучаных на сайт, пайшлі на закупку праграмнага забесьпячэньня, абсталяваньня для сувязі і бясьпекі інфармацыі.

Адным з галоўных новаўвядзеньняў на новым сайце Лукашэнкі стала «вэрсія для людзей, якія слаба бачаць». У сацсетках жартавалі, што за такія грошы можна было дадаткова распрацаваць яшчэ і вэрсіі для тых, якія слаба чуюць і слаба вераць.

Сайты прэзыдэнтаў суседніх зь Беларусьсю дзяржаў каштуюць значна менш. У Канцылярыі прэзыдэнта Латвіі тады карэспандэнту Радыё Свабода паведамілі, што на такога кшталту патрэбы яны могуць патраціць ня болей за 20 тысяч латаў, прыблізна 40 тысяч даляраў. Крыху большыя выдаткі закладзеныя ў бюджэтах іншых суседзяў — Літвы, Польшчы, Украіны.

XS
SM
MD
LG