Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прыездам у Менск эўракамісар Ган сустрэўся зь Бяляцкім


Ёханэс Ган

Ёханэс Ган

У Беларусь сёньня ўвечары прыбывае эўракамісар Ёханэс Ган, плянуецца сустрэча з Лукашэнкам.

Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёханэс Ган 16-17 красавіка ўпершыню будзе знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візытам.

Дакладны плян сустрэчаў яшчэ не вядомы, але чакаецца, што эўракамісар сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніцтвам МЗС.

Напярэдадні візыту ў Менск Ёханэс Ган сустрэўся ў Брусэлі са старшынём Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

«Спадара Гана цікавіла агульная сытуацыя ў Беларусі. Я агучыў яму свой уласны пункт гледжаньня на тое, што адбываецца ў Беларусі. Я яму сказаў, што нягледзячы на такую аптымістычную рыторыку Міністэрства замежных спраў Беларусі пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва, паляпшэньне сытуацыі, у самой краіне нічога не мяняецца, усе застаецца так, як і было. А ён у сваю чаргу запэўніў, што пытаньне палітвязьняў застаецца важным, каштоўнасным пытаньнем для Эўразьвязу, яно не сыходзіць з парадку дня», — паведаміў Радыё Свабода праваабаронца,

Паводле зьвестак Алеся Бяляцкага, Ган павінен прыляцець у Менск сёньня ўвечары. Кола яго сустрэч у Беларусі будзе шырокім, плянуецца сустрэча і з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Прынамсі, гэта плянуецца, але як яно будзе — пабачым», — дадаў Бяляцкі.

Трэба адзначыць, што Эўракамісія пакуль не ўдакладняе, з кім будзе сустракацца Ёханэс Ган.

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, пакуль невядома, ці будзе эўракамісар Ган сустракацца з апазыцыяй:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Зараз гэта пытаньне высьвятляецца. Магчыма, такая сустрэча адбудзецца, але дакладна гэта невядома».

Візытаў у Менск прадстаўнікоў Эўразьвязу такога ўзроўню не было з 2010 году. Апошні раз эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Штэфан Фюле наведваў Беларусь у лістападзе 2010 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG