Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны касьмічны карабель паляцеў на МКС


Касьмічная ракета Falcon 9 зь бесьпілётным грузавым суднам Dragon на стартавай пляцоўцы на мысе Канавэрал у Флёрыдзе, 14 красавіка 2015

Касьмічная ракета Falcon 9 зь бесьпілётным грузавым суднам Dragon на стартавай пляцоўцы на мысе Канавэрал у Флёрыдзе, 14 красавіка 2015

Прыватная карпарацыя SpaceX зрабіла ў аўторак запуск касьмічнай ракеты Falcon 9, якая даставіць на Міжнародную касьмічную станцыю бесьпілётнае грузавое судна Dragon.

Старт адбыўся з касмадрому на мысе Канавэрал у Флёрыдзе.

Аднак SpaceX не ўдалося ажыцьцявіць сьмелы экспэрымэнт — забясьпечыць мяккую пасадку першай ступені ракеты-носьбіта на марскую плятформу. Паводле папярэдніх зьвестак, ракета ўпала на плятформу. Першая такая спроба, зробленая ў студзені, пацярпела няўдачу: ракета ўрэзалася ў плятформу пад вуглом і выбухнула. Арганізатары экспэрымэнту ацэньвалі шанцы на посьпех менш, чым у пяцьдзесят адсоткаў.

Пасьля асваеньня тактыкі прывадненьня ракеты SpaceX паспрабуе пасадзіць яе на Зямлю. Гэта дазволіць значна скараціць выдаткі на касьмічныя пускі, паколькі кампанія атрымае магчымасьць паўторна выкарыстоўваць адпрацаваныя ступені. Звычайна ракета-носьбіт згарае ў зямной атмасфэры.

Як заявіў уладальнік SpaceX Элона Маск, «паўторнае выкарыстаньне ракеты накшталт самалёта зробіць больш таннымі касьмічныя экспэдыцыі — у сотні разоў».

Другая ступень Falcon 9 выведзе «грузавік» Dragon на арбіту, расстыкуецца зь ім і згарыць у паветры.

На разгрузку судна на МКС пойдзе, паводле пляну, больш за месяц. На яго борце сярод грузу знаходзіцца кававая машына, адпраўленая ў космас на просьбу італьянскага астранаўта Саманты Крыстафарэці. Карабель Dragon вернецца на Зямлю з матэрыяламі навуковых экспэрымэнтаў. Прывадненьне адбудзецца ў Ціхім акіяне ля берагоў Каліфорніі.

Гэта шосты палёт на МКС па лініі SpaceX, першай прыватнай камэрцыйнай кампаніі, чыё грузавое судна сустыкавалі зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй.

XS
SM
MD
LG