42-гадовы баец Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» з пазыўным «Леў» — грамадзянін Беларусі.
Ён двойчы быў паранены ў баях пад Пескамі, паблізу Данецку. Цяпер ён лекуецца ў Днепрапятроўскім клінічным шпіталі імя Мечнікава.
Пасьля агнястрэльнай раны нагі ён яшчэ некалькі месяцаў ня зможа хадзіць.
«Леў», у мінулым — інструктар-мэтадыст па ўсходніх адзінаборствах, не шкадуе, што прыехаў зь Беларусі і пайшоў добраахвотнікам абараняць Украіну. Аднак мужчына адзначае: на радзіму цяпер вярнуцца ня зможа, бо там яму пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.
Між тым, дзяржава Ўкраіна пакуль ніяк не абараняе інтарэсы такіх, як «Леў»: ня маючы грамадзянства Ўкраіны, яны ня могуць прэтэндаваць на прызнаньне ўдзельнікамі АТО.