Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб супрацьстаяньні ў Данбасе цяпер можна прачытаць кнігу пад назвай «Вайна на тры літары».

Словы «Вайна на тры літары» нагадваюць заданьне крыжаванкі. Адказ ведае кожны, хто сочыць за падзеямі ў Данбасе — АТА або антытэрарыстычная апэрацыя, як назвалі ў Кіеве апэрацыю вызваленьня тэрыторый, занятых сэпаратыстамі. У кнізе з такой назвай сабраныя рэпартажы і інтэрвію, апублікаваныя за апошні год журналістамі Кацярынай Сяргацкавай і Арцёмам Чапаем. Нягледзячы на тое, што на першых старонках, якія апавядаюць аб украінскім крызысе, распавядаецца аб Крыме, вялікая частка кнігі прысьвечаная падзеям у Данбасе.

Аўтарам удалося распавесьці ня толькі пра тое, як украінскія вайскоўцы вагаліся пры прыняцьці важных для ўзброеных дзеяньняў рашэньняў, але і пра тое, што сабой знутры ўяўляў сэпаратысцкі рух і наколькі значным для яго быў удзел грамадзян Расеі. Аб гэтым піша маскоўскі філёляг Уладзімір Максакаў, чый аповед таксама ўвайшоў у выданьне. Паводле аднаго з аўтараў, Кацярыны Сяргацкавай, галоўнае ў кнізе «Вайна на тры літары» тое, што яе аўтары ўбачылі ўсё на свае вочы і напісалі пра гэта.

Сяргацкава: Я вывучала хутчэй чалавечы фэномэн, тое, як на акупаваных і вызваленых тэрыторыях трансфармавалася сьвядомасьць людзей. Гэта свайго роду гісторыя аб маленькім чалавеку ў вялікай палітыцы. Для мяне гэта было важней за ўсё. Навіны і падзеі, якія станавіліся здабыткам шырокай грамадзкасьці, былі і так на слыху. Каб даведацца пра іх, неабавязкова было ехаць на гэтыя тэрыторыі. Таму я адпраўлялася туды выключна для таго, каб даведацца, як там жывуць людзі, чаго ім не хапае, якія жахі яны перажываюць, каб убачыць, як насамрэч разгортваецца вайна на тэрыторыі Ўкраіны.

РС: Як трансфармаваўся пункт гледжаньня жыхароў Данбасу і ці зьмяняўся ён наагул?

У цэлым жа прыкметна, што тыя людзі, якія спачатку выходзілі на мітынгі, у выніку зразумелі, што яны наклікалі сапраўдную бяду.​

Сяргацкава: Пачыналася ўсё зь нянавісьці. У людзей пачуцьцё нянавісьці пераважала. Гэта была нянавісьць у адносінах да навакольных людзей, у адносінах да прадстаўнікоў іншай ідэалёгіі, да іншадумцаў, у нейкай ступені і неўсьвядомленая нянавісьць да самога сябе. А пачалося ўсё гэта з Крыму. У Крыме была канцэнтрацыя гэтай нянавісьці, і яна была асабліва жорсткай. На Данбасе нянавісьць была крыху іншай, там і людзі іншыя былі. Гэта было вельмі моцна заўважна. Урэшце гэтая нянавісьць перарасла ў стомленасьць, у такую страшную стомленасьць, пры якой чалавек проста апускаецца ў сон. У сувязі з ваеннымі дзеяньнямі ў людзей трохі паламалася ўспрыманьне рэчаіснасьці і месца ў гэтай рэчаіснасьці. Для іх усе гэтыя страшныя выбухі і сьмерці сталі звычайнай справай. Яны ўвайшлі ў паўсядзённую практыку. Калі чалавек можа спакойна ісьці па вуліцы, у той час як праз дарогу ад яго падаюць гранаты, і ён успрымае гэта цалкам спакойна, то ў яго зьмяняецца сьвядомасьць. Гэта зусім іншы чалавек. Гэта што тычыцца псыхалёгіі. У цэлым жа прыкметна, што тыя людзі, якія спачатку выходзілі на мітынгі, у выніку зразумелі, што яны наклікалі сапраўдную бяду. Яны зразумелі, што ўдзельнічаць у вайне ім больш ніколі не захочацца. Уласна, так і зьявілася стомленасьць — у тых, хто ўжо ня можа займаць якую-небудзь пазыцыю. У іх ужо ня можа быць пазыцыі, таму што ім проста дрэнна. Хочацца пабыць сам-насам з сабой.

РС: Гэта хутчэй пазыцыя тых жыхароў Данбасу, якія альбо наогул не цікавяцца палітыкай, альбо проста ня хочуць думаць аб наступствах. І цяпер ужо відавочна, што гэтым людзям, прынамсі, на дадзеным этапе, давядзецца жыць на асобнай тэрыторыі, якая спрабуе максымальна аддзяліць сябе ад тэрыторыі Ўкраіны. Тыя, хто застаўся ў Данбасе або вярнуўся туды пасьля пачатку перамір’я, імкнуліся да гэтага ці проста наклікалі бяду, як вы ўжо казалі?

Больш за мільён перасяленцаў з Данбасу і Крыму пераехалі на тэрыторыю пад кантролем кіеўскіх уладаў.​

Сяргацкава: Іх падманулі. Яны апынуліся ў пазыцыі надзвычай падманутых людзей. Вядома, яны не чакалі, што ўсё будзе менавіта так. Яны не дапускалі, што нехта возьмецца за зброю, што пачнецца сапраўдная поўнамаштабная вайна, што яны будуць хавацца ў бомбасховішчы. Я ўпэўненая, што і жыхары Крыму ня думалі, што іх у выніку адрэжуць ад чыгуначнай камунікацыі, што яны ня змогуць нармальна ўяжджаць на тэрыторыю Ўкраіны, сваёй роднай краіны. Проста адбылося вялікае ашуканства насельніцтва. І вось гэты маленькі чалавек, які апынуўся ў цісках вялікай палітыкі, увогуле ня сьмее, ня ўмее і ня можа што-небудзь зьмяніць у гэтай сытуацыі. У гэтым і палягае галоўная трагедыя. Можна марыць пра што заўгодна — пра аддзяленьне, пра Данбас як пра маленькую Швэйцарыю, як многія там гаварылі, але ў выніку ўсё аказваецца значна больш трагічна і празаічна.

РС: Апошні разьдзел вашай кнігі называецца «Паміж уцёкамі і голадам». Вы такім чынам падводзіце вынік таго, што адбылося?

Сяргацкава: У нейкім сэнсе — так, таму што голад — гэта тое, з чым людзі сутыкнуліся зімой. Былі такія прэцэдэнты. Уцёкі. Больш за мільён перасяленцаў з Данбасу і Крыму пераехалі на тэрыторыю пад кантролем кіеўскіх уладаў. Гэта вялікія лічбы. Усё гэта людзі з пэўным пераломам унутры. Гэта праблема ня толькі іх, гэта і наша праблема.

РС: У кнізе ёсьць сьведчаньні таго, як ваявалі сэпаратысты, на чым грунтуецца іх супраціў, а таксама рэпартажы, якія распавядаюць, як ваююць украінскія вайскоўцы. Калі параўноўваць гэтыя два супрацьлеглыя бакі, ці была ў іх нейкая трансфармацыя поглядаў? Ці гэтыя людзі цалкам адназначна разумелі сытуацыю на працягу ўсяго супрацьстаяньня?

Сяргацкава: З вайскоўцамі — іншая гісторыя. Людзі, якія ідуць на вайну, разумеюць, навошта яны гэта робяць. У кожнага ёсьць свае перакананьні. Само сабой, былі і ёсьць людзі, якія ў вайне расчараваліся, расчараваліся ў камандаваньні, у прынцыпах вядзеньня баявых дзеяньняў, і пакінулі зону баёў. Што тычыцца, напрыклад, украінскіх вайскоўцаў, я дакладна ведаю, што ніводзін удзельнік добраахвотнага батальёну не пашкадаваў аб тым, што ён пайшоў служыць. І дакладна ведаю, што ніводзін з такіх добраахвотнікаў не памяняў свае погляды. Бо калі ідзеш і абараняеш уласную краіну, у цябе цалкам іншая матывацыя. Гэта значна больш моцная матывацыя, чым што б там ні было.

Усе мары аб Наваросіі, аб адраджэньні Расейскай імпэрыі, вяртаньні да каранёў — гэты імпэрыялізм разьбіўся аб паліттэхналёгіі

А сэпаратызм — гэта рух за аддзяленьне, рух дэструктыўны. Таму ва ўкраінскіх байцоў адбылася псыхалягічная трансфармацыя, але не ідэалягічная. Псыхалягічная зьвязана з тым, што ў шматлікіх выпадках гэтыя людзі ўпершыню трапілі на вайну, не былі да яе падрыхтаваныя, у чым, вядома, віна тых людзей, якія прымалі іх у добраахвотніцкія аддзелы. Падрыхтоўка ім, вядома ж, была патрэбная. Таму ў бліжэйшы час мы яшчэ ўбачым розныя непрыемныя сытуацыі, зьвязаныя з псыхалягічнымі траўмамі вайскоўцаў.

Што тычыцца сэпаратыстаў, то тут карціна крыху іншая, таму што людзі ўбачылі, што іх погляды не супадаюць з поглядамі лялькаводаў, тых, хто задумаў гэтую вайну. Усе мары аб Наваросіі, аб адраджэньні Расейскай імпэрыі, вяртаньні да каранёў — гэты імпэрыялізм разьбіўся аб паліттэхналёгіі, аб асобна ўзятыя «ідэі» паліттэхнолягаў, такіх як Уладзіслаў Суркоў, у якога свае пляны на гэтыя тэрыторыі і на гэтых людзей.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

XS
SM
MD
LG