Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Сталіна і ўкраінскі закон супраць камунізму і нацызму


На мінулым тыдні Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які забараняе прапаганду камуністычнага і нацысцкага рэжымаў ва Ўкраіне.

Мне здаецца, што падчас дыскусіяў пра мэтазгоднасьць такога закону неяк не надаецца ўвага моманту, які мне асабіста падаецца вырашальным. Для таго, каб патлумачыць, аб чым ідзе размова, мне давядзецца гэты самы закон парушыць.

Што зрабіў Ёсіф Сталін у 1941 годзе, калі вэрмахт рваўся да Масквы? Ён даў палёгку праваслаўнай царкве. Мяркую, што ён, цьвёрдакаменны бальшавік, ненавідзеў рэлігію і Хрыстовую веру ня менш, чым прэзыдэнт Пятро Парашэнка — камунізм. Зыходзячы з гэтага, можна было б чакаць, што Сталін з пачаткам вайны яшчэ больш зацісьне царкву зь яе варожай камунізму ідэалёгіяй, каб забясьпечыць ідэйна-палітычнае адзінства савецкіх людзей. Лягічна ж, ці ня праўда? Але ён зрабіў адваротнае.

Чаму? Таму што, пры ўсёй сваёй камуністычнай нянавісьці да «рэлігійнага дурману», да «опіюму для народу», задаваў сабе толькі адно пытаньне — што трэба зрабіць, каб савецкія людзі мацней трымалі ў руках зброю, каб больш цярпліва трывалі ваенныя нягоды на фронце і ў тыле? Ён даў на гэтае пытаньне адказ і прыняў рашэньне, якое ішло насуперак ягоным ідэалягічным густам і поглядам.

Каб ацаніць рашэньні, прынятыя Вярхоўнай Радай, можна, зразумела, весьці спрэчку, ці сувымерныя нацысцкія і камуністычныя злачынствы, былі героямі ці забойцамі тыя ці іншыя гістарычныя пэрсанажы. Усё гэта надзвычай важныя і цікавыя пытаньні. Але пасьля таго, як уступяць у дзеяньне законы супраць камунізму і нацызму, прынятыя Вярхоўнай Радай, ці мацней будзе трымаць у руках свой аўтамат украінскі хлопец, мабілізаваны на вайну, скажам, з Днепрапятроўску ці Мікалаева? Цішэй ці гучней будзе лаяцца матам пэнсіянэр з Хэрсону ці Запарожжа з нагоды таго, што «камуналку» з пачатку красавіка падвысілі больш чым удвая? Менш ці больш уважліва будуць людзі ў Адэсе і Харкаве слухаць агітатараў за «Наваросію»?

Калі адказы — мацней, цішэй, менш — Вярхоўная рада Ўкраіны прыняла выдатны, надзвычай правільны закон. А вось калі адказы адваротныя...

А мне здаецца, што яны як раз адваротныя. Існуе шмат сьведчаньняў таго, што стаўленьне людзей на ўсходзе Ўкраіны да савецкай мінуўшчыны значна больш неадназначнае і складанае, чым на захадзе. Ня тое што там насельніцтва пагалоўна прасякнутае камуністычнымі ідэямі, зусім не — сьціплыя вынікі галасаваньня за КПУ ў ранейшыя гады, правал кампартыі на апошніх выбарах сьведчаць пра тое, што не.

Але дзедаўскія савецкія мэдалі і ордэны ў сямейных скарбонках, заводы, на якіх працуе тамтэйшае насельніцтва, збудаваныя зусім не ў часы гетманату ці УНР, савецкія сьцягі вайсковых частак, помнікі героям савецкага пэрыяду, якія даўно зьніклі на захадзе краіны, але стаяць у гарадах на ўсходзе Ўкраіны... А чаму стаяць? Прынамсі, прэзыдэнты Краўчук, Кучма, Юшчанка зусім не былі апалягетамі камунізму. Дык чаму не праводзілі дэкамунізацыю на ўсходзе, якая і з блаславеньня Кіеву, і зь ініцыятывы на месцах даўно адбылася на захадзе? Перасьцерагаліся, відаць, нечага, не хацелі злаваць людзей. А зараз гэта іх не раззлуе?

Памятаю леташнюю размову з украінскім журналістам. Я яго спытаў: «Вось у Расеі і ў сэпаратыстаў ідэалягічны пасыл просты: цяперашняя ўкраінская ўлада — нашчадкі нацы і бандэраўцаў, б’емся з фашыстамі, як дзяды біліся. А як вядзецца палітыка-выхаваўчая праца ва ўкраінскім войску зараз? Сымэтрычна: мы — нашчадкі герояў УПА, змагароў за свабоду Бандэры і Шухевіча?». Мой суразмоўца адказаў, што ў добраахвотніцкіх батальёнах, і тое не ва ўсіх, яна так і вядзецца, але ў рэгулярнай украінскай арміі — не, гавораць пра патрыятызм, пра сваю зямлю, якую трэба абараняць ад захопніка. «Бо УПА, Бандэра ня надта натхняюць салдат, прызваных з усходу», — патлумачыў калега.

А зараз будуць натхняць? А чаму?

Зразумела, я, чалавек, які ва Ўкраіне не жыве, скурай сытуацыю там не адчувае, магу і памыляцца. Хаця ў сваіх ацэнках апэрую ня ўласнымі пачуцьцямі ці густамі, а фактамі з найноўшай украінскай гісторыі і дасьледаваньнямі ўкраінскай грамадзкай думкі. Але ўпэўнены, што не памыляюся ў прапанаваным тэхналягічным ракурсе погляду на праблему.

Пытаньні, пра якія я кажу — не са сфэры абстрактных паняцьцяў ці розных інтэрпрэтацыяў гісторыі. Новыя ўкраінскія законы будуць ці мацаваць баявы дух салдат з усходу Ўкраіны ці падрываць яго — гэта альбо так альбо гэтак. Рэальнасьць абыякавая да інтэлектуальных трукаў.

Сталін быў, безумоўна, людажэр сусьветнага маштабу. Але часам ён умеў задаваць правільныя пытаньні. І знаходзіць на іх правільныя адказы. І кіраваная ім краіна выйграла вайну.

Краіна, кіраваная Парашэнкам, вайну пакуль ня выйграла. І ці толькі Пуцін будзе вінаваты, калі і ня выйграе?

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG