Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі эўрапеец – сучасны беларус


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Першы раз я быў у Вільні ў 1985 годзе ў дванаццацігадовым узросьце: паехалі з бацькамі паглядзець Сьвята песьні.

Гэта калі з усёй Літвы зьяжджаюцца музычныя калектывы: харавыя, інструмэнтальныя, ад фольку да сучасных матываў. Шыхтуюцца і ідуць праз увесь цэнтар вялікай пярэстай працэсіяй. А на Сьпеўным полі адбываецца гала-канцэрт.

Пасьля менскіх савецкіх «гуляній» з масавікамі-зацейнікамі поўны шок на кантрасьце – настолькі ўсё... Па-чалавечы, ці што.

Мароз у Вільні. Дзень цудоўны.

Мой сябра беларускамоўны

п’е брэндзі. Я гарбату п’ю.

У рэстарацыі шыкоўнай

гаворым ціха і тактоўна

пра Вільню, кожны пра сваю.

Такая чалавечнасьць, якую па-за Менскам на той момант я дзе-нідзе бачыў у некаторых вёсках і мястэчках: «панская сядзіба», бабулька ў традыцыйнай самаробнай хустцы, фотаздымак прадзеда Адольфа Квяткоўскага пачатку ХХ ст... А ў Менску паўразбураныя старыя камяніцы ў Верхнім Горадзе, рэшткі млына ў Лошыцкім парку.

А тут у Вільні такога старога-жывога было шмат, сканцэнтравана, і пры гэтым людзі былі ўсіх узростаў, з усіх бакоў, і – сьпявалі!

Я яшчэ нічога ня ведаў пра ВКЛ, пра Скарыну і «Нашу Ніву». Проста я зразумеў, што буду вяртацца ў гэты горад яшчэ і яшчэ.

Калі пасьля аб'езьдзіў палову Эўропы, я ніколі не параўноўваў якасьць сэрвісу ці насычанасьць бізнэс- ці культурным жыцьцём таго ці іншага гораду зь Вільняй. Бо пабачанае на Сьвяце песьні для мяне неадрыўна асацыявалася з пабачаным перад тым у Беларусі. А сваё не параўноўваецца. Сваё ты проста любіш. Ці ня любіш.

Наступны раз я быў у Вільні ў 1990-м у кумпаніі шапачна знаёмых менчукоў. Усю дарогу ў дызэлі яны распавядалі пра смачныя глазіраваныя сыркі і сасіскі. Па прыезьдзе мы разьбегліся, а калі сядалі ўвечары ў цягнік, я зноў слухаў пра сыркі і сасіскі – гэта ўсё, што іх уражвала ў Вільні. Пры тым, што «стомленасьці Эўропай» у іх тады быць не магло, кшталту: «Тут далёка ня Вена, і не Парыж». Бо Жалезная заслона яшчэ вісела.

У 1997 годзе я слухаў «Народны Альбом», які маляваў вобразы неіснуючага Каралеўства Беларусь. Прыдуманай несавецкай – чалавечай краіны. Такога сабе Сьпеўнага поля ў дэкарацыях старасьвецкай архітэктуры.

Ён любіць вежы і касьцёлы,

шынкі — дзе дух заўжды вясёлы,

архіў і ўнівэрсытэт.

А я люблю ў царкве анёлаў,

кірмаш, вакзал і грукат колаў,

калі ў кішэні ёсьць білет.

Пазьней стваральнік тэкстаў Альбому Міхал Анемпадыстаў распавядаў, як у падлеткавым узросьце ўразіўся першай сустрэчай з рэшткамі несавецкай Беларусі: закінутымі сядзібамі, бажніцамі, даваеннымі будынкамі, і – людзьмі з «таго часу». З старымі, што памяталі, як было не пры саветах.

У «Народным Альбоме» ёсьць канфлікт пэрсанажаў, умоўна Казіка і Юзіка. Гэта нават не ідэалягічны, гэта эстэтычны канфлікт: «парцалянавая філіжанка» супраць «тыцканьня пальцамі ў сала».

Канфлікт не прыдуманы, ён існуе дагэтуль. Толькі ўжо з трэцяй уводнай.

Эстэтычнае «тыцканьне пальцамі ў сала» – гэта «масавыя гуляньні», якія ў Беларусі дагэтуль ладзяцца па мэтадычках масавікоў-зацейнікаў узору 1970-х гадоў.

Праўда, апошнія гады ў Менску былі спробы рабіць «філіжанку з парцаляны». Калі на выходныя вызвалялі вуліцу Карла Маркса ад аўтамабіляў, і там гралі розныя музыканты, выступалі артысты, гандлявалі сувэнірамі. Такая рэзэрвацыя месца «як у Эўропе».

У Беларусі дагэтуль існуе вялікая колькасьць аматараў якасных «сыркоў і сасісак». Яны таксама не ўспрымаюць эстэтыку «тыцканьня пальцамі ў сала», яны ігнаруюць савецкага кшталту масавікоў-зацейнікаў, і ўцякаюць ад «празьнікаў» у Эўропу.

Гэта многія зь іх пішуць на форумах і ў сацсетках: «Пабываў я ў вашым Вільнюсе: сумна, шэра, правінцыйна. Ня тое, што ў Вене, ці Парыжы». Пра Менск гаворка нават не вядзецца.

Яны ўжо не прымаюць саўдэпаўскую эстэтыку, бо пабачылі іншае. Але і Вільня для іх «проста іншы горад». Яны не адчуваюць у ім повязі з чымсьці сваім родным, зь нейкімі краявідамі, артэфактамі ці людзьмі зь Беларусі.

Ды й параўнаньні між гарадамі гучаць звычайна – пра сэрвіс і кошты. Чытай – усё тыя ж сыркі і сасіскі.

Гэта савецкія эўрапейцы.

Такі правісон у сьвядомасьці, калі «філіжанка кавы» – прывабнае, але чужое «буржуйскае». А «тыцканьне пальцамі ў сала» – сваё роднае, але непрымальнае.

Савецкі чалавек усё вымярае сасіскамі і сыркамі. А эўрапейскі чалавек любіць якасныя сасіскі і сыркі. Так утвараецца савецкі эўрапеец. Які глядзіць на Вільню, Парыж, Вену і Менск праз аналяг чаркі і скваркі, толькі ў іншай якаснай катэгорыі.

Савецкі эўрапеец – прыхільнік якаснай, эстэтычнай «чаркі і скваркі». Ён яшчэ ня чуе адценьні сьпеваў.

Мароз і сонца. Дзень сапраўдны.

Мы п’ем: я — брэндзі, сябра — каву.

Дап’ем і пойдзем спакваля.

У Вільні нас чакаюць справы.

Яму налева, мне направа,

бо Вільня ў кожнага свая.

Верш (с) Адам Глёбус, «У нашай Вільні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG