Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяты прэзыдэнцкі тэрмін — гэта зашмат»


Сёлета ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Гамельчукі адказваюць, што яны ад іх чакаюць.

Спадар: «Пераменаў, поўных пераменаў, паляпшэньня эканомікі. Канечне, хочацца, каб у краіне была нармальная ўлада. Час падумаць нам пра тое, што пяты тэрмін — гэта занадта шмат. Як бы каму ні хацелася, але было б добра, каб да ўлады прыйшоў той прэзыдэнт, якога выбраў народ у выніку законных выбараў. Я — за гэта».

Спадарыня: «Вельмі шмат беспрацоўя, моладзі багата не працуе. Усюды скарачэньні ідуць. Прэзыдэнт нам падабаецца, але штосьці трэба рабіць, вырашаць пытаньні».

Спадар: «Нічога ня зьменіцца — на сто працэнтаў».

Спадарыня: «Хлеб ё, малако ё. Толькі б пэнсію крыху дабавілі і кошты не падымалі. Кошты надта вялікія, а пэнсіі — маленькія. Я працавала 35 гадоў, а пэнсія ў мяне мільён 900 тысяч — такая малая пэнсія. Я магу пражыць? Не магу! А ў мяне 35 гадоў стажу на фабрыцы „Праца“. Інваліднасьць толькі зарабіла».

Спадар: «Выбары ў нас, я лічу, фармальныя. Толку аніякага. Жаданьняў шмат, але разьлічваць на іх не выпадае. Трэба, каб стварылі ўмовы для вядзеньня сярэдняга і малога бізнэсу, каб не душылі на корані ўсё, што не зьяўляецца дзяржаўным».

Спадар: «Ніякіх. Не хачу нават пра гэта гаварыць, бо ўсё гэта туфта. Якія тут могуць быць выбары?»

Спадар: «Я ўжо нічога не чакаю — жывём так, як жывём. Я згодны на новага прэзыдэнта, калі цяперашні прэзыдэнт будзе прэм’ер-міністрам».

Спадар: «Хачу, каб народу далі працу. Цяпер яе няма ні ў кога. Больш як 50 адсоткаў народу працуе няпоўны дзень, заробкі вельмі малыя ў Гомелі. Толькі ў кіраўніцтва — усё. У народу заробку няма. Атрымліваюць паўтара пражытковыя мінімумы, якія не задавальняюць. І выдаюць заробак — відаць, спэцыяльна зроблена — пасьля дваццаць пятага чысла. А калі трэба плаціць за камунальныя паслугі, налічваюць пеню. Стабільнасьці ў нас няма. Аднак новага прэзыдэнта пакуль ня бачна. І нават ня бачна, хто ім хоча стаць».

XS
SM
MD
LG