Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскія вернікі распачалі няспынную малітву за Беларусь


У ноч на сьвята Вялікадня паводле юліянскага календара група вернікаў розных хрысьціянскіх канфэсіяў распачала няспынную малітву за Беларусь.

У ёй бяруць удзел 168 чалавек, кожны зь якіх абавязаўся раз на тыдзень цягам гадзіны маліцца за Беларусь. Гэткім чынам, малітва доўжыцца няспынна ўсе 24 гадзіны.

«На малітву запісалася людзей нават больш, чым было патрэбна, — не 168, а 180, і людзі запісваюцца дагэтуль. Мы не спатыкаліся адмыслова, але па дамоўленасьці малітва распачалася ў нуль гадзін у ноч на нядзелю на праваслаўны Вялікдзень і каталіцкае сьвята Божай Міласэрнасьці», — паведаміла Вольга, адна з арганізатарак малітоўнай акцыі.

Паводле Вольгі, некаторы час не былі запоўненыя найбольш «ахвярныя» начныя гадзіны — другая-чацьвёртая гадзіны ночы, а таксама дванаццатая — чатырнаццатая гадзіны дня. Але як толькі зьмест малітвы абвясьцілі ў інтэрнэце, гэтыя гадзіны імгненна «разабралі», кажа Вольга:

«Як толькі мы сфармулявалі патрэбы, у якіх трэба маліцца, то літаральна за дваццаць хвілін знайшліся патрэбныя дзесяць чалавек. Некаторыя людзі казалі, што забіраюць усе начныя гадзіны, некаторыя казалі, што гатовыя адмовіцца ад дзённых, а ўзяць начныя гадзіны, і гэтак далей».

Як паведаміла Вольга, працягласьць малітвы будзе залежаць ад саміх людзей — наколькі яны будуць гатовыя маліцца доўга:

«Калі ўсе людзі былі запісаныя, то мы даведаліся ад адной дзяўчыны з Польшчы, што там таксама існуе такая ж малітва і яна доўжыцца ўжо пяцьдзясят гадоў. Там існуе такая дамоўленасьць, што калі чалавек ня можа больш маліцца, то ён шукае сабе замену. І вось прайшло ўжо пяцьдзясят гадоў, а малітва працягваецца. Гэтаксама дамовіліся і мы, што калі чалавек сам ня зможа маліцца і ня зможа знайсьці замену, то мусіць зьвяртацца да арганізатараў, каб мы маглі замяніць яго тымі людзьмі, якія запісаліся звыш патрэбы. Магчыма, што і наша малітва пратрымаецца даўжэй».

Мэту няспыннай малітвы за Беларусь Вольга патлумачыла гэтак:

«Беларусь патрабуе нашай малітвы. Гэта тое, што можа і павінны рабіць кожны».

XS
SM
MD
LG