Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«... Ваўкі адчулі бездапаможнасьць людзей і зрабіліся больш сьмелыя і нават нахабныя».
Васіль Быкаў, «Воўчая зграя»

Расейскі мотаклюб «Начныя ваўкі» ладзіць прабег па Эўропе. У Польшчы байкераў, якія падтрымалі анэксію Крыму і расейскую агрэсію ў Данбасе, чый галоўны «воўк» па мянушцы Хірург закарыфаніўся з гаспадаром Крамля, — будуць сустракаць пратэстамі (калі «ваўкам» увогуле дазволяць уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу). Затое ў Беларусі, паводле прадстаўніцы віцебскага мотаклюбу, «Начных ваўкоў» чакае добры прыём.

Уласна, рэпэтыцыя такой сустрэчы прайшла ў мінулую суботу ў Віцебску: браты па крыві «ваўкоў», віцебскія «Псы дорог» праехалі па цэнтральнай вуліцы Віцебску з эскортам «даішнікаў». «Наш МС — гэта мотаклюб рускага духу, мотаклюб патрыётаў!» — пазначана на інтэрнэт-старонцы філіі «Начных ваўкоў» у Беларусі (натуральна ж, напісана — «Белоруссии»).

Калі нехта забыўся: перад спэцназам ГРУ ў Крым прыкацілі (былі засланыя) «Начныя ваўкі». І калі Пуцін казаў, што, перш чым пасадзіць у аэрапорце Бельбек самалёты зь «зялёнымі чалавечкамі», было патаемна вывучана стаўленьне жыхароў Крыму да ўваходжаньня ў склад Расеі — можаце не сумнявацца, што ў ролі «сацыёлягаў» былі і «ваўкі» на сваіх байках.

І радаснае вітаньне мясцовым насельніцтвам пасланцоў «русского духа» было яшчэ адным сыгналам для Крамля: можна пачынаць.

Тут хацелася б напісаць, што, сустракаючы ў Беларусі калёну расейскіх матацыклістаў эскортам ды кветкамі, многія жыхары хлебам-сольлю ж сустрэнуць і танкавую калёну Таманскай дывізіі.

Але гэта — залішне. Ня трэба ніякіх маштабных апэрацыяў перакідваньня пад расейска-беларускую мяжу танкавых і мотастралковых карпусоў аднекуль з Валгаграду ці Тулы, эшалёнаў з артылерыяй ды эскадрыльляў зьнішчальнікаў і бамбавікоў.

Бо хапае — сваіх, мясцовых з тым самым «русским духом». І не на матацыклах, а на танках ды бронетранспартэрах.

Дастаткова паглядзець, на прыкладзе якіх палкаводцаў ды герояў уздымае баявы дух вайскоўцаў газэта — ворган Міністэрства абароны РБ, паслухаць шчыраваньні вышэйшых (ды й сярэдніх) афіцэраў, паслухаць іх любімыя песьні ў выкананьні прыхільніка «Единой России», а па сумяшчальніцтву ўладальніка маёнтку ў Таскане («Офицеры, ваше сердце — под прицелом, за Россию и свободу до конца!») — каб зразумець, што ў выпадку сыгналу з маскоўскага Генштабу чырвона-зялёнае палотнішча над беларускімі вайсковымі часткамі зьменіцца на расейкі трыкалёр за лічаныя хвіліны.

Між іншым, калі ў Віцебску на «Славянскім базары» сьпявалася гэтая песьня (там яшчэ радкі «Офицеры-россияне, пусть свобода воссияет...») — пяцытысячная заля летняга амфітэатры ўзьнялся і падпявала. У гэты самы момант (на вачах у гэтых пяці тысячаў віцяблянаў) ахова Лукашэнкі зьбівала на горкі яблык хлопца, які ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Ну, я якая свабода «воссияла» пасьля прыходу расейскіх афіцэраў у Крыме, адчулі на сабе дзесяткі тысяч крымскіх татараў.

XS
SM
MD
LG