Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатывы менскім дамоўленасцям няма,— кіраўнікі МЗС «нармандзкай чацьвёркі»


Ларан Фабіюс, Паўло Клімкін, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў Бэрліне 13 красавіка 2015 году
Ларан Фабіюс, Паўло Клімкін, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў Бэрліне 13 красавіка 2015 году

Міністры замежных спраў краінаў-удзельніц «нармандзкай чацьвёркі» дамовіліся далей адводзіць цяжкія ўзбраеньні ад лініі сутыкненьня бакоў канфлікту ў Данбасе.

Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер па заканчэньні сустрэчы ў ноч на аўторак 14 сакавіка.

Як сказаў ён пасьля прыкладна пяцігадзінных перамоваў у Бэрліне, гэта павінна тычыцца і іншых катэгорыяў узбраеньняў, у прыватнасьці, танкаў (адвядзеньне якіх патрабавалі папярэднія дамоўленасьці — рэд.).

Паводле яго слоў, падчас сустрэчы зноў сталі выразна бачныя разыходжаньні ў меркаваньнях паміж Кіевам і Масквой.

Але, дадаў нямецкі міністар, альтэрнатывы менскім дамоўленасьцям няма:

«Усе ведаюць, што перад намі доўгі шлях. Але мы маем намер зрабіць усё магчымае, каб працягнуць гэты працэс».

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы асобна перад журналістамі, паведаміў, што бакі таксама дамовіліся дадаць у пералік ўзбраеньняў, якія павінны быць адведзеныя, ня толькі танкі, але і зброю калібрам менш за 100 мілімэтраў.

У сумеснай заяве міністры замежных спраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі заклікалі Трохбакую кантактную групу, якая дзейнічае пад эгідай АБСЭ, узгадніць графік адводу такіх узбраеньняў.

Яны таксама заклікалі бакі спыніць баявыя дзеяньні і пацьвердзіць прыхільнасьць да поўнага ажыцьцяўленьня рэжыму спыненьня агню і поўнага адводу цяжкіх узбраеньняў.

Бакі таксама дамовіліся прызначыць прадстаўнікоў у чатырох працоўных падгрупах, якія павінны працаваць у структуры Трохбаковай групы.

У панядзелак, 13 красавіка, увечары ў Бэрліне правялі сустрэчу Паўло Клімкін, Сяргей Лаўроў, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Ларан Фабіюс, каб ацаніць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заявіў па выніках перамоваў, што на сустрэчы ў так званым «нармандзкім фармаце» кіраўнікам МЗС Украіны, Расеі, ФРГ і Францыі не ўдалося дамовіцца па ўсіх пытаньнях.

Гэтая сустрэча ў Бэрліне была «традыцыйна» вельмі цяжкай, сказаў украінскі міністар пасьля яе заканчэньня ў ноч на аўторак, 14 красавіка, расейскаму агенцтву «Інтэрфакс». Але, паводле яго слоў, па шэрагу пытаньняў усё ж удалося дамовіцца, а па іншых дыскусія працягнецца. Клімкін таксама заявіў пасьля заканчэньня сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі», што яе ўдзельнікі «ў прынцыпе» гатовыя гаварыць аб розных магчымасьцях увядзеньня міратворцаў у акупаваную частку ўсходу Ўкраіны: «Гэта павінна быць місія падтрымкі менскіх дамоўленасьцяў».

Паводле яго слоў, ён выразна пазначыў сфэры, у якіх такая місія магла б і павінна быць карыснай, і дыскусія з гэтай нагоды будзе працягнутая.

Са свайго боку, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў пасьля сустрэчы, што ўкраінскі бок узьняў на ёй тэму міратворцаў, але «гэтая тэма не атрымала разьвіцьця», і іншыя ўдзельнікі яе не камэнтавалі.

Украіна прапаноўвае міжнароднай супольнасьці, у першую чаргу ААН і ЭЗ, для выкананьня менскіх дамоўленасьцяў увесьці ў акупаваную прарасейскімі сэпаратыстамі і расейскімі войскамі частку ўсходу Ўкраіны міратворчую місію. Кіеў мяркуе, што найлепшым фарматам была б паліцэйская місія Эўрапейскага Зьвязу паводле мандату Рады бясьпекі ААН. На думку Ўкраіны, такая місія павінна разьмясьціцца ў першую чаргу на лініі кантакту бакоў збройнага канфлікту, а таксама на непадкантрольныя цяпер Украіне часткі яе мяжы з Расеяй у гэтых акупаваных рэгіёнах. У такой місіі Расея ня мела б права ўдзельнічаць як краіна-агрэсар, лічаць у Кіеве. Расея і падтрымоўваныя ёй сэпаратысты выступаюць супраць такога фармату міратворчай місіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG