Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан мае шанец стаць першай жанчынай-прэзыдэнтам ЗША


Гілары Клінтан

Гілары Клінтан

У ЗША набірае абароты кампанія падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў 2016 годзе. Сярод тых, хто вырашыў змагацца за намінацыю Дэмакратычнай партыі, — Гілары Клінтан.

Шанцы Клінтан у будучых выбарах Свабода папрасіла ацаніць карэспандэнта «Голасу Амэрыкі» ў Вашынгтоне Багдана Цюпіна.

«Гілары Клінтан безумоўна зьяўляецца «цяжкавагавіком», калі можна так сказаць, у гэтай гонцы. Яна знаходзіцца на палітычным гарызонце ўжо дзясяткі гадоў — спачатку ў якасці першай лэдзі ЗША (жонка прэзыдэнта Біла Клінтана), потым — сябар Сэнату. Яна пацярпела паразк, спаборнічаючы за прэзыдэнцкую намінацыю 2008 году, але тады прэзыдэнт Абама прапанаваў ёй пасаду дзяржаўнага сакратара, якую яна выконвала да 2012 году.

Гэта значыць, Гілары Клінтан на самай справе мае перавагу як адзін з самых вядомых палітыкаў у ЗША, і гэта адна зь яе ключавых перавагаў. Але гэта можа быць і недахопам, бо дазваляе крытыкаваць яе за мінулыя памылкі, якія, відавочна, былі.

Тое, што да гэтага часу Клінтан казала пра Ўкраіну, у значнай меры сугучна са словамі прэзыдэнта Абамы, яе калегі па Дэмакратычнай партыі. Гэта значыць, Клінтан — як і Абама — асуджае Расею за агрэсію і выступае за падтрымку Ўкраіны. Яна заяўляе пра патрэбу палітычнай падтрымкі і фінансавай дапамогі Кіеву, як і пра тое, што Ўкраіна для таго, каб выжыць, павінна пераадолець карупцыю і адрадзіць сваю эканоміку.

У некаторых выказваньнях Гілары Клінтан дазваляе сабе крытыкаваць Абаму, паказваць сябе больш рашучай у пытаньні дапамогі Ўкраіне зброяй. Але яе рашучасьць не заходзіць так далёка, як, напрыклад, пазыцыя некаторых прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі ЗША, напрыклад, Джона Мак-Кейна: яны кажуць, што адназначна Вашынгтон павінен дапамагчы Ўкраіне зброяй, каб спыніць агрэсію Масквы. Клінтан да гэтага часу такога не казала. Ва ўнутранай палітыцы яна называе сябе абаронцам інтарэсаў сярэдняга клясу. Кажа, што будзе дамагацца павышэньня мінімальнай зарплаты і працаваць над тым, каб амэрыканцы мелі куды аддаць сваіх дзяцей для догляду (што ў ЗША зьяўляецца вялікай праблемай). Цалкам магчыма, што ў гэтай кампаніі яна будзе больш падкрэсьліваць, што ў выпадку абраньня як першы прэзыдэнт-жанчына, нават бабуля — яна зможа прапанаваць палітыку, блізкую, зразумелую і карысную для большасьці шараговых амэрыканцаў.

Але, вядома, варта памятаць, што на гэтым этапе ніякіх гарантыяў таго, што імя Гілары Клінтан будзе на бюлетэнях для галасаваньня ў наступным годзе, яшчэ няма. Актыўная прэзыдэнцкая кампанія толькі пачынаецца».

XS
SM
MD
LG