Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча зноў маюць судзіць


Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)

Былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Мікалая Статкевіча чакае новы суд, яму пагражае ўзмацненьне рэжыму зьняволеньня.

«Адміністрацыя калёніі вырашыла, што ён настолькі „ня стаў на шлях выпраўленьня“, і „мае намер весьці злачынны лад жыцьця “, што яго далейшае ўтрыманьне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае», — напісала позна ўвечары 13 красавіка на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка зьняволенага палітыка Марына Адамовіч.

«Таму, 9-га красавіка нейкая там камісія ў шклоўскай ПК-17 вырашыла адправіць яго на турэмны рэжым да канца тэрміну. Калі суд, мне невядома. Якія-небудзь падрабязнасці таксама. Ведаю толькі, што на сёння ў яго 13 спагнанняў, зь якіх 10 — за «адмову ад працы», — піша Марына Адамовіч.

Цяпер, па яе звестках, Мікалай Статкевіч утрымліваецца ў памяшканьні камэрнага тыпу, дзе няма дзённага сьвятла, а на шпацыр адводзіцца паўгадзіны ў дзень.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазыцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Статкевіч быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з жонкай, якое планавалася ў гэтым месяцы і прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камэрнага тыпу.

Паводле інфармацыі Марыны Адамовіч, праблемы з адміністрацыяй у мужа пачаліся адразу пасьля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы, але пасля таго як 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад працы па самаабслугоўваньні (уборка тэрыторыі), ціск узмацніўся.

Паводле закону, такую працу ўсе зьняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым ня больш за дзьве гадзіны ў дзень, аднак у дачыненьні да Статкевіча гэтыя нормы ня дзейнічалі, што ён расцэньвае як ўзаконены зьдзек, распавяла БелаПАН Марына Адамовіч.

58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зьняволеным.

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

XS
SM
MD
LG