Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штайнмаер: Баі ўзмацніліся, таму ёсьць пільная патрэба ў перамовах


Міністры замежных спраў у Бэрліне 13 красавіка. Зьлева направа — Ляран Фабіюс, Паўло Клімкін, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сягей Лаўроў.

Міністры замежных спраў у Бэрліне 13 красавіка. Зьлева направа — Ляран Фабіюс, Паўло Клімкін, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сягей Лаўроў.

У Бэрліне распачаліся перамовы, на якіх маюць ацаніць, наколькі выконваецца Менская дамова аб перамір’і ва ўсходняй Ўкраіне.

На сустрэчу прыбылі міністры замежных спраў — Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, Расеі Сягей Лаўроў, Украіны Паўло Клімкін і Францыі Ляран Фабіюс.

За час канфлікту паміж прарасейскімі сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея і ўрадавымі войскамі ва ўсходняй Ўкраіне ад красавіка мінулага году загінулі больш за 6 тысяч чалавек. Перамір’е, пра якое дамовіліся ў Менску ў лютым, зьменшыла інтэнсіўнасьць канфлікту, але рэгулярна паведамляецца пра яго парушэньне.

Паводле ўмоваў перамір’я, бакі павінны былі спыніць агонь і адвесьці цяжкую зброю ад лініі фронту. Назіраць за яго выкананьнем маюць прадстаўнікі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Размаўляючы з журналістамі ў Барсэлёне 13 красавіка напярэдадні перамоваў у Бэрліне нямецкі міністар Штайнмаер сказаў, што апошнім часам ў некалькіх месцах узмацніліся баі, таму ёсьць пільная патрэба ў перамовах.

Штайнмаер заклікаў Маскву і Кіеў садзейнічаць выкананьню Менскіх пагадненьняў, у прыватнасьці, у наладжваньні стасункаў паміж сэпаратыстамі і ўрадам Украіны. Гаворка ідзе, перш за ўсё, аб дапамозе ў аднаўленьні раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, якія пацярпелі ад баёў.

Усьлед за гэтым, як заявіў Штайнмаер, павінна пачацца падрыхтоўка да правядзеньня мясцовых выбараў на тэрыторыях, кантраляваных сэпаратыстамі

Нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung паведаміла 12 красавіка са спасылкай на неназванага прадстаўніка НАТО, што Расея па-ранейшаму пастаўляе зброю і вайскоўцаў у дапамогу сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны, у парушэньне менскіх пагадненьняў.

Раней украінскія вайскоўцы абвінавацілі сэпаратыстаў ва ўзмацненьні нападаў, асабліва ў раёне Данецкага аэрапорту. Паводле ўкраінскага боку, сэпаратысты выкарыстоўваюць цяжкую зброю, якую меліся адвесьці ад лініі фронту.

XS
SM
MD
LG